Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч: “Я веру ў свой Шлях”


Радыё Свабода Мікола Статкевіч — удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Было гэта на адным з палiгонаў у казахскiм стэпе, куды наша брыгада прыехала з Поўначы для баявых стрэльбаў па паветраных мiшэнях. Камандны пункт брыгады, за тэхнiку якога я адказваў, месьцiўся ў бункеры зь вельмi складаным уваходам, падобным да лябiрынту зь перашкодамi.

Аднойчы, калi мне трэба было тэрмiнова трапiць на паверхню, мясцовы iнструктар сказаў, што ёсьць яшчэ адзiн, вельмi просты выхад — цёмны калiдор. Ён зачынiў за мной бранiраваныя цяжкiя дзьверы i я апынуўся ў поўнай цемры. Хацелася вярнуцца назад, у апэратыўную залю каманднага пункту, дзе ў вялiкай прасторы зялёным ды сiнiм сьвяцiлiся шматлiкiя пляншэты i экраны. Пайшоў наперад, выставiўшы рукi перад сабой. Амаль адразу натыкнуўся на халодную сьценку калiдору. Узяў у другi бок. Вельмi хутка — зноў сьцяна.

Пакрысе, усё радзей натыкаючыся на сьцены, я выбраў накiрунак, якi вывеў мяне да такiх жа бранiраваных дзьвярэй, за якiмi было неба i залiты сонцам стэп.

Я веру, бо маё пачуцьцё i досьвед сьведчаць пра тое, што чалавеку прызначаны ў ягоным жыцьцi свой Шлях. Але вельмi цяжка i складана вызначыць, якi гэта Шлях. Як i вельмi складана прайсьцi свой Шлях да канца.

Я часам узгадваю той цёмны калiдор, бо гэты выпадак нагадвае мне пошук свайго Шляху чалавекам, якi хоча быць вольным. Ты пачынаеш у цемры, ня ведаючы, куды iсьцi. Твой компас — уласная годнасьць. Хочацца вярнуцца назад, у штучны сьвет звыклых жыцьцёвых стэрэатыпаў i банальных памкненьняў. Так страшна заблукаць у гэтай цемры iснаваньня з разьбiтымi iдэаламi i марна патрачаным жыцьцём. Але калi ты хочаш прайсьцi сваiм Шляхам, калi, натыкаючыся на перашкоды, зьбiваючы каленi i абдзiраючы рукi, ты рухасься наперад, то знойдзеш яго i пройдзеш iм. Галоўнае — не спыняйся, не павярнi назад, а тое, што абрала цябе для гэтага шляху, i твая годнасьць, падкажуць накiрунак.

Не спыняйся, i за iржавымi дзьвярыма навязанных звычак, назапашаных стагодзьдзямi страху i прынiжэньняў, ты ўбачыш неба, i сонца свабоды асьвецiць твае жыцьцё. Я веру ў гэта. Я веру ў свой Шлях.

Мiкола Статкевiч – старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. Любіць лес і мора, лічыць беларускіх жанчын лепшымі за беларускіх мужчын. Ад 29 ліпеня 2005 году адбывае пакараньне за арганізацыю вулічных пратэстаў супраць фальшаваньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер на прымусовых працах у в. Блонь Пухавiцкага раёна Мiнскай вобласьцi.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
XS
SM
MD
LG