Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску судзіць ня будуць (фота)


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Менскіх раённых судах ня будуць судзіць затрыманых учора ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітзьняволенымі. Позна ўвечары міліцыянты адпусьцілі каля двух дзесяткаў чалавек з Кастрычніцкага і Першамайскага раённых упраўленьняў міліцыі. Нягледзячы на затрыманьні, акцыі адбыліся ў заплянаваным фармаце.

Акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі прайшлі ва ўсіх абласных гарадах і ў некалькіх рэгіёнах. 16 лістапада а 8 вечара некалькі дзесяткаў чалавек сталі ланцугом ля будынку Менскага чыгуначнага вакзалу. Яны трымалі ў руках сьвечкі.

Байцы спэцназу міліцыі разагналі акцыю праз некалькі хвілінаў. Сьвечкі, якія людзі пакінулі на бруку, спэцназаўцы гасілі нагамі. У пастарунак міліцыі трапілі з дзесятак удзельнікаў акцыі, а таксама чацьвёра фотакарэспандэнтаў. Пасьля таго, як перапісалі прозьвішчы затрыманых, спачатку адпусьцілі фотакораў, а праз тры гадзіны – удзельнікаў акцыі. Людзі казалі, што й надалей будуць удзельнічаць у вулічных акцыях.

(Антон :) “Прыйшоў паўдзельнічаць у гэтай акцыі, бо хачу выказаць сваю салідарнасьць з сем’ямі зьніклых і з палітвязьнямі. Я перастаў баяцца пасьля трэцяга майго затрыманьня. Безумоўна, я буду ўдзельнічаць у акцыях”.

(Марыля:) “Адмыслова прыехала сюды, каб падтрымаць нашых дзяцей, нашых палітвязьняў і, каб людзі ведалі, што нас не зламіць”.

Адначасова сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” ладзілі акцыю каля будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Месцам збору быў прыпынак ля станцыі мэтро “Усход”. Міліцыянты адразу затрымалі восем чалавек, якія толькі выйшлі з падземнага пераходу. Іх пасадзілі ў “аўтазак” і павезьлі ў Першамайскае ўпраўленьне міліцыі.

Сярод затрыманых трое напаўнагадовых, у тым ліку 14-гадовы школьнік Усевалад Шашарын.

Іншыя маладафронтаўцы, якія былі на другім баку праспэкта, зладзілі акцыю. На дрэве, якое на суботніку ўрачыста пасадзіў Аляксандар Лукшэнка, замацавалі плякат: “Свабоду” і ад яго праменьнямі ў розныя бакі – папяровыя стужкі з напісанымі жаданьнямі маладых людзей. Вось, што казала адна з удзельніц акцыі.

(Ангеліна: ) “У нас зьявілася дрэва жаданьняў. На гэтае дрэва мы прымацавалі некалькі стужак з нашымі жаданьнямі: “Свабоду палітвязьням!”, “Свабоду друку!”, “Свабоду веравызнаньня” і г.д. Так што кожны чалавек, які мае нейкае жаданьне і хоча яго выказаць, можа прыйсьці да гэтага дрэва і вывесіць сваю стужку. Мы ведаем, што гэтае дрэва пасадзіў Аляксандар Рыгораваіч. Мы, такім чынам вырашылі дрэва рэабілітаваць, бо яно ж ні ў чым не вінаватае. Няхай яно цяпер будзе такім прыгожым нашым дрэвам жаданьняў”.

У міліцыі Першамайскага раёну ўсіх затрыманых зьнялі на відэа. Крысьціна Шацікава патрабавала, каб міліцыянты не здымалі нікога без дазволу, але міліцыянты не рэагавалі. Крысьціна паведаміла “Свабодзе”, што сёньня падасьць скаргу на міліцыянтаў у пракуратуру.

Акцыі салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых прайшлі ў некалькіх эўрапейскіх краінах – Польшчы, Літве, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Украіне. У Эстоніі на галоўную плошчу горада Тарту выйшлі некалькі дзесяткаў студэнтаў з розных краінаў сьвету. Яны трымалі партрэты зьніклых і палітвязьняў. Акцыю трансьлявалі па тэлебачаньню (гл.фота).

XS
SM
MD
LG