Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны рэпрэсаваны студэнт знойдзе магчымасьць атрымаць адукацыю


Радыё Свабода Штогод 17 лістапада ў Беларусі, як і ва ўсім сьвеце, адзначаецца Міжнародны дзень студэнта. Як пачуваюцца колішнія беларускія студэнты, выключаныя з ВНУ паводле палітычных прычынаў?

Паводле кіраўніцы Камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іны Кулей, быць беларускім студэнтам – справа нялёгкая. Чарговая хваля рэпрэсіяў супраць студэнтаў з акрэсьленай палітычнай пазыцыяй зьвязана з набліжэньнем мясцовых выбараў.

(Кулей: ) “Штодня да нас зьвяртаюцца новыя і новыя студэнты. Якія альбо пад пагрозай, альбо ўжо выключаныя з ВНУ. Гэта тыя людзі, якія цяпер пайшлі альбо даверанымі асобамі, альбо ўласна самі вырашылі ўдзельнічаць у мясцовых выбарах. На іх ціснуць – ад іх дамагаюцца, каб яны сказалі, што яны ня ставілі свае подпісы за таго ці іншага апазыцыйнага кандыдата.”

Цягам існаваньня Камітэту абароны рэпрэсаваных гэтая хваля рэпрэсіяў – чацьвертая. Першая была акурат пасьля выбараў – пакуль студэнты адседжвалі “суткі” за ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, шмат каго пасьпелі выключыць. Наступная хваля была падчас сэсіі, якую папросту не давалі магчымасьці здаць, а трэцяя ў верасьні – падчас восеньскай пераздачы іспытаў.

Адна з найпапулярных у рэпрэсаваных студэнтаў навучальная установа – Эўрапэйскі Гуманітарны унівэрсітэт. Моладзевы актывіст Аляксандар Атрошчанкаў, выключаны з БДУ яшчэ пасьля выбараў 2001 году, навучаецца ў ЭГУ міжнароднаму праву. На погляд Аляксандра, вельмі важная перавага гэтае ўстановы – магчымасьць дыстанцыйнага навучаньня.

(Атрошчанкаў: ) “Прыкладам, мой сябра Цімафей Дранчук – цяпер, калі ён за кратамі – у кожным разе быў бы выключаны, нават калі б навучаўся ў беларускім дзяржаўным ВНУ. А Эўрапэйскі Гуманітарны Унівэрсытэт ставіцца да сытуацыі з разуменнем і дапамагае яму навучацца дыстанцыйна”.

Апроч палітычнага вязьня Цімафея Дранчука, дыстанцыйна, з-за кратаў, навучаюцца ў Эўрапэйскім гуманітарным унівэрсытэце моладзевыя лідэры Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч. Каля 300 выключаных сёлета з палітычных прычынаў студэнтаў сёньня атрымліваюць адукацыю ў Польшчы – у рамках праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Паводле Іны Кулей, магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю Камітэт “Салідарнасьць” знойдзе для кожнага рэпрэсаванага студэнта.
XS
SM
MD
LG