Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Схаванае беспрацоўе на Століншчыне -- да 50 працэнтаў


Валер Каліноўскі, Столін Століншчына – адзін з самых вялікіх і самых бедных сельскіх раёнаў Беларусі. Сярэдні заробак тут найменшы на Берасьцейшчыне – 340 тысяч рублёў. Афіцыйнае беспрацоўе складае 2 адсоткі працаздольнага насельніцтва, прыхаванае – амаль у 20 разоў большае. Да паловы жыхароў Століншчыны жыве за кошт продажу агуркоў і іншай гародніны.

Знайсьці працу і заробак ў Столінскім раёне цяжка. Два–тры прамысловыя прадпрыемствы, якія тут лічаць валаўтваральнымі, перажываюць фінансавы крызыс. У калгасах працы мала, прыватны бізнэс неразьвіты, хіба што рынкавы гандаль. У найбольшым па тэрыторыі раёне Беларусі ўсяго дзейнічае 22 фэрмэры. Старшыня Столінскага райвыканкаму Аляксей Дзямко шчыра прызнаецца, што раённыя ўлады ня могуць забясьпечыць усё насельніцтва працай і годным заробкам:

(Дзямко: ) "У Столінскім раёне з 85 тысяч чалавек 44 тысячы працаздольныя. Зь іх у рэальным сэктары эканомікі занятыя 22 тысячы. Астатнія як бы самаўладкаваліся ў асабістых падсобных гаспадарках альбо выяжджаюць на заробкі ў іншыя рэгіёны нашай краіны".

У Столінскім раёне 24 тысячы асабістых падсобных гаспадарак, якія фактычна зьяўляюцца дробнатаварнымі вытворцамі гародніны. Сёлета яны вырасьцілі на продаж 150 тысяч тон гародніны, у тым ліку 50 тысяч тон агуркоў. Жыхар вёскі Белавуша Іван Воўчак трымае 10 сотак зямлі пад парнікамі, ён кажа, што з агуркамі адведаў Львоў, Вільню і Маскву, перажыў часы, калі мясцовая ўлада разбурала парнікі бульдозэрамі. Цяпер парнікі і грады – адзіны спосаб выжываньня для большасьці. Для таварнай жывёлагадоўлі прыватнікі ня маюць угодзьдзяў, якія належаць калгасам, кажа спадар Воўчак.

(Воўчак: ) "Цяпер прадпрыемстваў і арганізацый кот наплакаў, і ўсе займаюцца падсобнай гаспадаркай. Адзінкі жывуць зь дзяржаўнай працы. Калі б быў добры заробак і можна было ўладкавацца, то лепш бы працаваць на прадпрыемстве".

Агуркі і іншая гародніна перапрадаюцца на аптовых рынках, якія ёсьць ва ўсіх буйных вёсках Століншчыны. Праца ў парніках і на градах – у асноўным фізычная, цяжкая, гаворыць іншая жыхарка Белавушы Марыя Гляд.

(Гляд: ) "Заробкі нашы невялікія. На зямлі зарабіць вельмі цяжка, нам нават не хапае да канца году дажыць з таго, што мы цэлае лета працуем усёй сям’ёй”.

Другая крыніца даходаў столінцаў – паездкі на сэзонныя заробкі, раней у Расею, цяпер – пераважна па Беларусі. І пераважна за натуральную аплату. Распавядае жыхар Белавушы Сяргей Сень:

(Сень: ) "Вось нядаўна мой цесьць са шваграм вярнуліся з заробкаў, прыкладна яны зарабілі, дакладна яшчэ ня ведаюць, па 15–20 мяхоў цукру".

Спадар Сень кажа, што ўмовы працы на заробках незайздросныя, абароненасьць – мінімальная. І тыя, хто езьдзіць на заробкі, і тыя, хто вырошчвае агуркі на прысядзібных участках, ня маюць ані выплат на дзяцей, ані працоўнага стажу і пэнсіяў. Ды і многія мужчыны з-за цяжкай працы па-за межамі радзімы не дажываюць да пэнсійнага веку, кажа спадар Сень, прыводзячы ў прыклад свайго бацьку.



Гаспадары з Белаушы Іван Воўчык і Сяргей Сень.



Жыхарка Белаушы Марыя Гляд.
XS
SM
MD
LG