Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 16 лістапада


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту.

У разьдзеле “Палітыка” на форумах парталу tut.by на паведамленьне аб тым, што Аляксандр Мілінкевіч пайшоў па кватэрах зьбіраць подпісы для вылучэньня ў кандыдаты на дэпутатаў, адгукнуўся нехта Добры Санта: “Як толькі чалавек, магчыма, зразумеўшы беcпэрспэктыўнасьць і бесхрыбетнасьць палітыкі, якую ён праводзіў у мінулым, пайшоў у просты народ, каб патлумачыць сваю пазыцыю, так вы тут як тут са сваімі зьедлівымі выпадамі. Нешта вас не зразумець. Можа, усё-такі зь сябе пачынаць трэба, а не з таго, каб зь местачковай мэнтальнасьці зьдзекавацца? Ды няхай хоць нягегла, хоць непрафэсійна, але хоць нешта робіць апазыцыя, гэта па-свойму таксама крок наперад, а ганіць лягчэй за ўсё”. А вось карыстальнік пад псэўданімам Прахожы сярэдніх гадоў зьвяртаецца да Аляксандра Мілінкевіча з прапановай: “Заходзьце да нас на аганёк. Наш адрас:
г. Менск, пр. Незалежнасьці, 17. Чакаем”.

У суполцы “Жывога журналу” minsk_by us_capone адзначае: “Зь некаторага часу пачаў заўважаць, што з паліцаў крамаў пачалі магічным чынам зьнікаць некаторыя віды прадукцыі Расеі, Эўропы, Украіны. Гэта ў асноўным датычыць прадуктаў харчаваньня і касмэтыкі. Што адбываецца?” Papandos гэта камэнтуе так: “Усё дастаткова проста: урад выдатна разумее, што ад першага студзеня давядзецца плаціць за газ. А таму патрэбныя грошы, і гэтыя грошы трэба не замежнікам аддаваць, а пакідаць у краіне. Гэта нармальны працэс. Летась падобнае было і на Ўкраіне, дзе народу радзілі купляць сваё. Рыхтуйцеся, і ў нас хутка адновяць кампанію “Купляй сваё”.

На інфармацыйным партале www.studenty.by зьявілася нататка @ptymistа, азагалоўленая “Толькі 1% Інтэрнэту — гэта порна і эротыка”. У ёй пазначана: “Насуперак стэрэатыпам людзей, якія не карыстаюцца Інтэрнэтам, порна- і эратычны кантэнт у Сеціве складае адносна невялікую частку, прыблізна 1%. Такая лічба была атрымана ў выніку адмысловага дасьледаваньня, праведзенага на замову ўраду ЗША. Дасьледаваньне праводзілася сярод сайтаў, якія праіндэксаваныя пошукавымі сыстэмамі ад Google і Microsoft”.

На сайце гісторыі Наваградка і Наваградчыны можна прачытаць наступнае: “Беларускі гісторык Ігар Пушкін дасьледаваў тэму паходжаньня гэтага прозьвішча. Ён піша, што Аляксандр Сяргеевіч Пушкін выводзіў сваё прозьвішча ад “Рыгора Пушкі, які ў 13 ст. прыйшоў з Навугародка”. Некаторыя дасьледчыкі паходжаньне прозьвішча зьвязваюць са словам “пушка” як пазначэньнем артылерыйскай зброі. Але ў 13 ст. такой зброі тут яшчэ не было. Значыць, напачатку слова “пушка” мела іншы сэнс. І ён ёсьць у беларускай і польскай мовах. У беларуска-расейскім слоўніку напісана: “пушка, пушачка — каробка, каробачка”.

Сайт “За кубкам капучына ў Менску” знаёміць з кавярнямі сталіцы Беларусі, з тым, які яны маюць інтэр''ер, якая там абслуга і якасьць ежы і напояў. Сваімі ўражаньнямі ад наведваньня кавярняў дзеляцца дзьве аўтаркі сайту — Хайдзі Сьміт і Натальля Булва. Так, пасьля вячэры ў рэстаране “Поющие фонтаны” яны напісалі: “Гэта адно з нашых улюбёных месцаў у Менску. Будзьце ўважлівыя: тут можна заплаціць 12 тысяч беларускіх рублёў за звычайны кубак гарбаты”. А вось яшчэ адно ўражаньне: “У кавярні пад назвай “Куток Парыжу” нам хацелася пачуць Эдыт Піяф, Патрысію Каас і Кала Бруні. Але, на вялікі жаль, мы вымушаныя былі цярпець Аўрыл Лавін і Дайдо”. Дарэчы, сайт “За кубкам капучына ў Менску” заняў другое месца ў конкурсе беларускіх кантэнт-праектаў 2006 году.

Стваральнікі сайту GlobalMixing.com прапануюць кожнаму музыканту, не выходзячы з дому, атрымаць гатовую песьню. “Цяпер дзе б вы ні былі — у Гомелі, Кіеве ці Рэйк''явіку — вы зможаце паслухаць работы, пачытаць водгукі кліентаў, зрабіць заказ, перадаць матэрыял... і атрымаць песьню!” Сярод кліентаў студыі й такія групы, як “Індыга” і “Нэйра Дзюбэль”.

* * * Не забывайцеся дасылаць свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG