Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: на сустрэчу з замежнікамі прыйшло БТ


Радыё Свабода, Магілёў Міліцыянты са здымачнай групай Беларускага тэлебачаньня наведалі сёньня сустрэчу магілёўскіх грамадзкіх актывістаў з замежнікамі.

Сустрэча з намесьніцай старшыні чэскай Партыі зялёных Данай Кухтавай і рэктарам праскай Вышэйшай школы журналістыкі Рудольфом Вэводам адбывалася ў прыватным доме. Міліцыянт са здымачнай групай трапілі ў дом, скарыстаўшыся незачыненымі дзьвярыма.

Міліцыянт, які адрэкамэндаваўся Сяргеем Калесьнікавым, праверыў дакумэнты замежнікаў, а апэратар Уладзіслаў Новікаў зафіксаваў гасьцей на камэру. Пасьля гутаркі карэспандэнткі Бардзілоўскай з спадарыняй Кухтавай пад ціскам гаспадароў няпрошаныя госьці вымушаныя былі сысьці.

У інтэрвію “Свабодзе” Дана Кухтава, камэнтуючы інцыдэнт, зазначыла, што гэта яшчэ адно сьведчаньне адсутнасьці ў Беларусі свабоды. “Мы нічога кепскага ні вашай краіне, ні народу, ні ўладзе не зрабілі. Падчас сустрэчы была дыскусія пра свабоду і дэмакратыю, што ў гэтым кепскага?” – сказала Дана Кухтава.

Чэскія госьці наведалі Магілёў пасьля Гомелю і Добрушу. Іх цікавіць сёньняшні стан забруджаных Чарнобылем тэрыторыяў Гомельскай і Магілёўскай абласьцей.

* * * Тым часам у Магілёве грамадзкія актывісты правялі традыцыйныя акцыі салідарнасьці. Са сьвечкамі і партрэтамі зьніклых і асуджаных беларускіх палітыкаў актывісты прайшлі па пешаходнай вуліцы Ленінскай. Ніхто з удзельнікаў ня быў затрыманы.
XS
SM
MD
LG