Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: затрыманых удзельнікаў акцыі салідарнасьці адпусьцілі


Радыё Свабода, Віцебск Супрацоўнікі Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі праверылі па кампутарнай базе асабістыя дадзеныя затрыманых: журналіста радыё “Рацыя” Вадзіма Баршчэўскага, праваабаронцы Леаніда Сьвеціка і старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава. Пазьней міліцыянты прывялі яшчэ аднаго затрыманага – моладзевага актывіста Сьцяпана Кудзянава, ягоныя асабістыя дадзеныя таксама занатавалі.

Ніякіх пратаколаў у пастарунку складаць ня сталі, аднак выказалі сваё незадавальненьне паводзінамі затрыманых: Сьвеціка, Смолікава і Баршчэўскага абвінавацілі ў падбухторваньні моладзі да парушэньня грамадзкага парадку.

Сёньня а 18-й вечара каля 20-ці віцебскіх хлопцаў і дзяўчат сабраліся каля помніка Ўладзімеру Караткевічу. Хтосьці прыйшоў з каляровымі балёнікамі, іншыя – са сьвечкамі.





Запаліўшы сьвечкі на пастамэнце, моладзь зьбіралася прасьпяваць гімн “Магутны Божа”. Аднак супрацоўнікі Кастрычніцкай раённай міліцыі на чале з начальнікам аддзелу аховы правапарадку Аляксеем Шаховічам загадалі ўсім разысьціся.

Разагнаўшы акцыю, міліцыянты паглядзелі пашпарты ўва ўсіх прысутных і запісалі іхныя прозьвішчы. Сьвечкі і сьпевы каля помніка беларускаму пісьменьніку яны назвалі парушэньнем адміністрацыйнага заканадаўства і ў вуснай форме папярэдзілі маладых людзей пра тое, што наступным разам затрымаюць усіх без выключэньня.
XS
SM
MD
LG