Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю прайшлі ў 8 гарадох Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў васьмі польскіх гарадох адбыліся акцыі салідарнасьці зь сем''ямі зьніклых беларускіх палітыкаў і палітвязьнямі.

Каля ста чалавек прыйшлі ў цэнтар Варшавы зь бел-чырвона-белымі беларускімі і бела-чырвонымі польскімі сьцягамі, партрэтамі зьніклых беларускіх палітыкаў, Зьмітра Дашкевіча і транспарантамі з надпісамі: “Мы памятаем пра злачынствы рэжыму!”, “Свабоду палітвязьням!”.

(Цялежнікаў: ) “Са сьцягамі, сьвечкамі, партрэтамі Зьмітра Дашкевіча мы станем тут, бо гэта яму, можна сказаць, прысьвячаецца сёньняшняя акцыя. Зьміцер, напэўна, цяпер ужо ў жодзінскім СІЗА. Яму далі паўтара году за тое, што ён нібыта дзейнічаў ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.

Сярод удзельнікаў акцыі былі беларускія студэнты:

(Студэнтка: ) “Чаму я сюды прыйшла? Каб падтрымаць беларусаў, якім за ўдзел у падобных акцыях даюць мільённыя штрафы. Гэта знак салідарнасьці для моладзі, якая змагаецца ў Беларусі”.

Удзельнічалі ў акцыі таксама палякі, якія маюць сяброў у Беларусі і прыйшлі іх падтрымаць.

(Паляк: ) “Я прыйшоў падтрымаць сваіх сяброў, якія цяпер у Беларусі”.

Потым удзельнікі акцыі запалілі сьвечкі і выцягнуліся жывым ланцугом уздоўж адной з цэнтральных вуліцаў Варшавы – Новага сьвяту.

На заканчэньне на замкавым пляцы быў паказаны фільм “Дзікае паляваньне-2”.

Акцыі салідарнасьці прайшлі таксама ў Кракаве, Познані, Уроцлаве, Гданьску і Лодзі. У Любліне некалькі дзясяткаў маладых людзей патрабавалі вызваленьня Зьмітра Дашкевіча, а ў Беластоку каля будынку беларускага консульства прайшла акцыя пад лёзунгам “Памяняем Дзіму на Сашу”, удзельнікі якой скандавалі, што месца ў турме не Зьмітру Дашкевічу, а цяперашняму кіраўніку Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG