Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Economist": “Радзе БНР сумаваць не давядзецца”


Радыё Свабода, Прага Сёньня ўплывовы брытанскі часопіс "Economist" надрукаваў артыкул Эдварда Лукаса, прысьвечаны Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі. "Рада БНР на першы погляд здаецца анахранізмам, – піша "Economist". – Яна прадстаўляе дзяржаву, якая была заснаваная ў 1918 годзе і праіснавала менш чым год. Рада ня мае аналягаў у сучаснасьці, паколькі польскі і ўкраінскі ўрады ў выгнаньні трыюмфальна склалі свае паўнамоцтвы ў канцы халоднай вайны".

"Аднак сэсія Рады, у якую ўваходзяць 80 асобаў, зьбіраецца штодва гады. Яе пяць сакратарыятаў (міністэрстваў) ня маюць ні чыноўнікаў, каб нечым кіраваць, ні грошаў падаткаплатнікаў, якія можна было б патраціць. У Рады ёсьць пячатка, фірмавы блянк, вэб-сайт – і прыхільнікі зь ліку старых эмігрантаў і рашучых маладых людзей з новай хвалі эміграцыі.

Галоўнае дасягненьне Рады – тое, што яна выжыла на працягу дзесяцігодзьдзяў, падчас якіх Беларусь зьяўлялася часткай Савецкага Саюзу; і было дастаткова мудра дыстанцыявацца ад постсавецкага рэжыму, які ўтварыўся ў Менску ў 1991 годзе. Рада гатовая скласьці свае паўнамоцтвы толькі пасьля таго, як Беларусь атрымае дэмакратычна абранае і сапраўды незалежніцкае кіраўніцтва", – піша Эдвард Лукас.

"Гэта – сьмелае спадзяваньне, – лічыць аўтар артыкулу. – Расея ўсё яшчэ кідае доўгі і цьмяны цень. Беларусь усё яшчэ спадзяецца на Расею – на гандаль, інвэстыцыі, энэргетыку і сыстэму бясьпекі. “Саюзная дзяржава” з адзінай валютай, адзіным пашпартам і агульнай канстытуцыяй была абвешчаная мэтай абедзьвюх дзяржаваў, ва ўсякім разе да нядаўняга часу.

Дэмакратыя – ня ў меншай небясьпецы, чым дзяржаўнасьць. Аляксандар Лукашэнка кантралюе СМІ, судовую сыстэму, эканоміку і бюракратычны апарат. Ягоныя апанэнты трапляюць у турму, а часам і наагул зьнікаюць. Прафэсар Аляксандар Казулін, які ў сакавіку выступіў супраць фальсыфікацыі на прэзыдэнцкіх выбарах, быў асуджаны і за кратамі абвясьціў галадоўку. З турмы ён зьвярнуўся да Рады БНР па дапамогу", – піша "Economist".

"На сустрэчы ў Вашынгтоне Рада пачала супрацоўніцтва з перасваранай беларускай апазыцыяй. Яны сыходзяцца ў спадзяваньнях, што Расея і Беларусь разыдуцца. І гэта можа здарыцца.

Расея падтрымлівала Лукашэнку танным газам, камплімэнтамі і моцнай дыпляматычнай абаронай ад крытыкі з боку Захаду. У сваю чаргу Лукашэнкава Беларусь пастаўляла расейскую зброю сумнеўным кліентам і забясьпечыла амаль што адзіны прыклад шчасьлівага і ўдзячнага саюзьніка Расеі.

Але цяпер справа – пад пагрозай. Працэс стварэньня “саюзнай дзяржавы” замарудзіўся, адзін бок абвінавачвае другі. Расея хоча ў чатыры разы ўзьняць цэны на газ і абкласьці дадатковымі падаткамі прыбытак Беларусі ад продажу таннай пераапрацаванай расейскай нафты. Гэта – частка расейскай тактыкі для кантролю над энэргетычнымі галінамі прамысловасьці Беларусі. Але гэта – і папярэджаньне Лукашэнку, каб ня быў неразумна крытычны да свайго калегі ў Крамлі, Уладзімера Пуціна" – гаворыцца ў артыкуле брытанскага часопісу.

"Беларускі парлямэнтар Мікалай Чаргінец абвінаваціў Расею ў эканамічнай вайне і сказаў, што гэта ставіць пад пагрозу расейскія вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі. Гаворка ідзе перш за ўсё пра жыцьцёва важную вайскова-марскую радыёстанцыю і проціракетную радарную сыстэму. На нядаўняй канфэрэнцыі ў справе энэргетыкі ў Празе беларускі дыплямат зрабіў цікавы сьпіч, у якім абрынуўся на Расею з-за яе ненадзейнасьці ў энэргетычнай палітыцы. Лукашэнка прыгразіў накласьці мытныя перашкоды на расейскую прадукцыю.

Калі Беларусь і Расея сапраўды разьбягуцца, дык будучыня напоўніцца цікавымі магчымасьцямі.

Крэмль можа зрынуць Лукашэнку і дамагчыся аб’яднаньня Беларусі і Расеі. У такой сытуацыі Рада БНР зрабілася б адзіным прадстаўніком незалежнай Беларусі.

Больш праўдападобна, што Лукашэнка, які мае імідж парыі, мог бы рушыць у бок Захаду. Ён ужо робіць асьцярожныя няпэўныя крокі, гаворачы, што “Беларусь будуе новую замежную палітыку”. І гэта можа паставіць перад Захадам цяжкую дылему – прыняць яго альбо адштурхнуць.

Што б ні здарылася, чальцоў Рады БНР чакае расчараваньне. Але сумаваць ім не давядзецца", – лічыць "Economist".
XS
SM
MD
LG