Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец і Казулін заклікаюць да яднаньня дэмакратычных сілаў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец, які 15-га лістапада выйшаў з-за кратаў, правёў ва ўправе БНФ першую прэсавую канфэрэнцыю.

Экс-парлямэнтар адразу папярэдзіў прысутных, што будзе выказваць ня толькі ўласныя думкі, але й меркаваньні былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Апошні да гэтага часу знаходзіцца ў той самай калёніі, дзе адбываў пакараньне й Сяргей Скрабец.

Два вядомыя палітыкі бачаць самымі галоўнымі задачамі цяперашняга часу рэальнае яднаньне дэмакратычных сілаў і вяртаньне Беларусі ў канстытуцыйнае поле. Скрабец патлумачыў сёньня, як гэта можна зрабіць:

(Скрабец: ) “Мы лічым, што трэба спыніць спрэчкі паміж дэмакратычнымі сіламі, адмовіцца ад крытыкі на адрас адзін аднаго, спыніць дзяльбу партфэляў, якіх хопіць усім, калі сытуацыя зьменіцца. Бо будзе шмат працы й патрэбна будзе шмат людзей. І яшчэ трэба вярнуць Беларусь у канстытуцыйнае поле. Таму што мы лічым так: сёньняшняя ўлада ў краіне нелегітымная. Апошні рэфэрэндум – нелегітымны, раз былі парушаныя і Канстытуцыя, і Закон аб рэфэрэндуме. Трэба абавязкова зьвярнуць увагу Рады Бясьпекі ААН на сытуацыю ў Беларусі: нельга ж мець таталітарную краіну ў цэнтры Эўропы”.

Сяргей Скрабец вельмі спадзяецца на аўтарытэт Аляксандра Казуліна:

(Скрабец: ) “Я ўпэўнены, што ў нас зьявіўся духоўны лідэр нацыі – той, які аб''яднае розныя слаі насельніцтва – моладзь, прадпрымальнікаў, чыноўнікаў і г.д. Казулін – якраз той чалавек, які пойдзе да канца, які можа аб''яднаць усіх тых, ад каго залежыць будучыня нашай краіны. Гэта вельмі моцны чалавек, сапраўдны ваяр”.

Сяргей Скрабец шмат расказваў пра ўмовы жыцьця за кратамі. Ён вельмі непакоіцца, што Аляксандра Казуліна, які па-ранейшаму галадае, могуць прымусова пачаць карміць. І гэтым нашкодзяць ягонаму здароўю. Бо для выхаду з працяглага галадаваньня трэба скарыстоўваць спэцыяльныя мэтодыкі. Сяргей Скрабец ня ўпэўнены, што турэмныя лекары імі валодаюць.

На пытаньне калег, якую інфармацыю Скрабец і Казулін атрымлівалі ў калёніі, экс-дэпутат ізноў спаслаўся на праграмы нашага радыё, якое яны слухалі штодзённа. Зь ягоных слоў, толькі апошнім часам заказнымі лістамі да іх пачалі прыходзіць газэта “Народная воля” й матэрыялы з Інтэрнэту. Аднак гэтыя лісты зазвычай спазьняюцца на тыдзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG