Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі адбываецца шэраг акцыяў у Беларусі і за межамі краіны. Асноўныя іх удзельнікі – актывісты моладзевага дэмакратычнага руху. Першы Дзень салідарнасьці прайшоў летась 16 кастрычніка. Ад таго часу ў 16-ы дзень кожнага месяца акцыі пасьлядоўна паўтараюцца.

Актывісты моладзевых незарэгістраваных арганізацыяў на знак салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі праводзяць шэраг мерапрыемстваў у Менску і ў рэгіёнах. На Меншчыне ладзяць ланцугі з партрэтамі зьняволеных і зьніклых Віктара Ганчара, Юр’я Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага. У іншых рэгіёнах людзі ўбачаць партрэты на будынках дамоў і афішных тумбах.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Павал Красоўскі адчуў падтрымку паплечнікаў, калі знаходзіўся за кратамі віцебскага сьледчага ізалятару. Ён дагэтуль зьяўляецца падазраваным у крымінальнай справе аб тэрарызьме.

(Красоўскі: ) “Гэта ўплывае на маральны дух. Як сядзіш у камэры і пачынаеш думаць, што з табой могуць зрабіць, калі выклічуць на допыт, як яны да цябе ставяцца і г.д., пачынае крыху падаць маральны дух. Але калі пачынаеш думаць, што ў цябе за сьцяной вялікая падтрымка, што там ля турмы стаяць людзі з плякатамі, што адбываюцца акцыі ў тваю падтрымку, – падымаецца настрой. Для людзей, якія за кратамі, такая маральная падтрымка вельмі важная”.

Пасьля разгону ланцуга 16 верасьня мінулага году на 6-ую гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага Ірына Халіп, Мікіта Сасім, Ірына Красоўская заклікалі грамадзкасьць адзначаць кожны месяц 16-га Дзень салідарнасьці. Ініцыятыву падхапіла моладзь. За праявы салідарнасьці з палітвязьнямі былі ў розны час затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек.

Дачка Аляксандра Казуліна Юлія сказала “Свабодзе”, што такія акцыі – важная маральная падтрымка палітвязьняў і іхных сем’яў.

(Казуліна: ) “Я лічу, што для таты гэта вельмі й вельмі важна. Гэта тая важная маральная падтрымка, якая надае яму больш сілаў. Лічу, што гэта яму вельмі дапамагае. Гэта важна й для самой сям’і, бо інакш мы адчувалі б сябе самотнымі”.

А 8-й вечара акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі й сем’ямі зьніклых палітыкаў і журналістаў адбудуцца ў Польшчы, Літве, Латвіі, Нямеччыне, Бэльгіі й ЗША.
XS
SM
MD
LG