Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Казуліна: “Мы талерантныя таму, што баімся пратэставаць”


Алег Грузьдзіловіч, Менск 16-га лістапада Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў абвясьціла міжнародным днём талерантнасьці. Як часта Вы сутыкаецеся з праявамі нецярпімасьці да сябе і ці лічыце сябе талерантным чалавекам? З гэтымі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвярнуўся да вядомых у Беларусі асобаў.

Жонка былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна Ірына ня цалкам згодная з вызначэньнем беларусаў як талерантнай нацыі. Ірына Казуліна адзначае, што ўсё часьцей сустракаецца з праявамі агрэсіі.

(Казуліна: ) “Раней сустракалася зь неталерантнасьцю толькі ў побыце, недзе ў транспарце, у крамах. А цяпер калі-некалі й ад службовых асоб, якія ня маюць права гэтак са мной гаварыць, бо яны знаходзяцца на працы. Сама я вельмі талерантны чалавек, я заўсёды імкнуся выслухаць усіх, хачу зразумець. Але я ўсьведамляю, што ў барацьбе за месца пад сонцам ня так проста быць цярпімым. Часта трэба й зубы паказваць, быць больш нахабным, больш настойлівым. Нашая талерантнасьць тлумачыцца нашым страхам. Мы талерантныя не таму, што такія добрыя й спакойныя, а таму, што баімся пратэставаць”.

Колішні старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, паводле ягоных слоў, часта сутыкаецца з агрэсіўным стаўленьнем да сваіх меркаваньняў, але не баіцца гэтага.

(Шушкевіч: ) “У мяне хапала сустрэч з агрэсіўнымі людзьмі. Але калі да мяне агрэсіўна ставяцца, тады я станаўлюся агрэсіўным больш за іх. Таму гэта мяне ня страшыць. Кажу пра тых людзей, якія мне не падабаюцца. Але з большасьцю беларусаў, фактычна з усімі беларусамі, у мяне ніколі не было праблем – зь іхнай талерантнасьцю і талерантнасьцю маёй да іх. Там, дзе трэба, я талерантны, а кампрамісу зь непрыстойнасьцю быць ня можа”.

Прэсавы сакратар Савету бясьпекі Беларусі Ўладзімер Несьцяровіч у працоўны час пагадзіўся адказаць на пытаньні адносна талерантнасьці, але зазначыў, што адказвае як звычайны чалавек.

(Несьцяровіч: ) “Падзяляю такую думку, што беларусы вельмі талерантныя людзі. Але гэта калі казаць цалкам. Кожны сутыкаецца з тым, што і хамства ёсьць, і характары цяжкія, і праявы жорсткасьці ёсьць. Усякага хапае ў жыцьці. Сам я чалавек даволі спакойны, талерантны, і нават калі сутыкаюся з праявамі жорсткасьці й хамства, рэагую гэтак: можа, у такога чалавека сёньня дрэнны настрой. У гэтым сэнсе я не падзяляю людзей на апазыцыю ці чыноўнікаў, уладу. Для мяне гэта папросту чалавек са сваімі праявамі”.

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што талерантнасьці ў беларускім грамадзтве становіцца ўсё меней, і тлумачыць гэта палітычнымі прычынамі.

(Паганяйла: ) “Талерантнасьці цяпер значна меней, значна. Бо вельмі шмат людзей пакрыўджаных той сытуацыяй, у якой яны апынуліся на сваім працоўным месцы, у сваёй кватэры, у палітычным ці грамадзкім жыцьці. Гэта ўсё стварае перадумовы для неталерантных паводзін. Пра якую талерантнасьць можна казаць у таталітарнай дзяржаве, якая парушае правы людзей, іхныя гонар і годнасьць?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG