Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія цукеркі спыніліся на беларускай мяжы


Ігар Карней, Менск Гандлёвыя непаразуменьні паміж Расеяй і Беларусьсю набываюць новыя формы. У расейскіх дастаўцаў кандытарскіх вырабаў узьніклі праблемы зь перасячэньнем беларускай мяжы. Як паведамляюць у Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі, надгляд фураў выкліканы пошукам прадукцыі з назвамі, аналягі якіх вырабляюцца ў Беларусі. Расейскі бок лічыць гэта кантразахадамі з боку Беларусі: у жніўні цукеркі зь вядомымі яшчэ з савецкага часу брэндамі былі забароненыя да ўвозу зь Беларусі ў Расею.

У Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расейскай Фэдэрацыі зь неразуменьнем паставіліся да захадаў афіцыйнага Менску. Прадстаўніца ведамства Настасься Зімоніна пацьвердзіла: цягам апошніх трох дзён у міністэрства па дапамогу зьвяртаюцца як грузаперавозчыкі, так і вытворцы ласункаў.

(Зімоніна: ) “Так, звароты ўжо ёсьць. Скардзяцца, што фуры стаяць, якія ўжо зафрахтаваныя на іншыя рэйсы. І кандытары гэтаксама зьвяртаюцца. Наколькі я ведаю, сёньня нашыя прадстаўнікі паехалі на месца, каб паспрабаваць вырашыць гэтую праблему. Бо калі мы абараняем нашыя інтарэсы на замежных рынках, мы працуем з канкрэтнымі вытворцамі – не агулам з галіной, а з кожным чалавекам. Бо гэта ж нашыя прадпрымальнікі”.

Пасьля распаду СССР некаторыя гатункі ласункаў вырабляліся ў Беларусі і Расеі пад тымі самымі назвамі. Толькі ў жніўні 2006 году шэраг расейскіх кампаніяў заявілі, што Беларусь ня мае права выкарыстоўваць савецкія брэнды, раз праваўладальнікамі назваў зьяўляюцца расейскія фабрыкі, якія атрымалі адпаведныя патэнты. Фактычна Расея забараніла ўвоз беларускіх цукерак, сярод якіх “Красная шапочка”, “Коровка”, “Белочка”, “Грильяж”.

Беларускія вытворцы выступілі ў гэтай сытуацыі з заявамі, бо да 50 % прадукцыі фабрык “Камунарка”, “Спартак” ды іншых адпраўлялася менавіта ў Расею. Я паспрабаваў высьветліць, якая цяпер доля прадукцыі той жа “Камунаркі” накіроўваецца на ўсход.

(Прадстаўнік “Камунаркі”: ) “Мы туды ўжо нічога не адпраўляем... Я ўвогуле зьдзіўлены, што вы спрабуеце ўлазіць у такія справы. Не павінна вас цікавіць такая інфармацыя. Чаму? Лёгка й проста. Камэрцыйная таямніца!”

Паводле расейскага боку, на беларуска-расейскай мяжы стаіць больш за паўсотні машын, наладаваных кандытарскімі вырабамі. Аднак, зь меркаваньня экспэртаў, да чакаляднай блякады прычыніліся ня толькі згаданыя ўжо захады для абароны расейскага рынку ад беларускіх цукерак.

Адной з прычын называецца рашэньне Мінэканомразвіцьця Расеі істотна падвысіць мытныя пошліны на белы цукар зь Беларусі. У аб’яднаньні “Союзроссахар” кажуць: Беларусь дэмпінгуе на цукровым рынку, што робіць нерэнтабэльнай працу расейскіх цукровых заводаў. Прадстаўніца Мінэканомразьвіцьця Настасься Зімоніна паведаміла, што рашэньне па мытных пошлінах чакаецца ўжо да канца гэтага тыдня.

У сваю чаргу ў канцэрне “Белдзяржхарчпрам”, якому падпарадкаваныя і кандытарская, і цукровая сфэры Беларусі, заяўляюць, што не ініцыявалі абмежаваньняў на ўвоз у краіну расейскай прадукцыі.

(Кавуноў: ) “Ад нас нічога нікуды не сыходзіла. Мы такой каманды не ініцыявалі, ніякіх дакумэнтаў не сыходзіла да іх ад нас, каб нешта забараняць, не пушчаць. Такія пытаньні на ўзроўні ўраду вырашаюцца”.

Заўтра ў Менску адбудзецца паседжаньне расейска-беларускай камісіі ў справе тарыфнага ўрэгуляваньня. Спэцыялісты не выключаюць, што сярод іншага там могуць быць узьнятыя й пытаньні гандлёвых непаразуменьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG