Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нашай краіне ўсё перакулена дагары нагамі”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за чацьвер, 17 лістапада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон “Свабоды” 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў ў Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" – гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам таксама можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 8-029-391-22-24.

(Валер Бірыла, Лунінецкі р-н: ) “Паважаная “Свабода,” вельмі ўдала цяпер у перадачах пачалі параўноўваць сытуацыю ў Беларусі з сытуацыяй у іншых краінах сьвету. У выніку такіх параўнаньняў рэжым, канечне, мінусуе. Гэта вельмі важна і пры тым цікава. У мяне яшчэ пажаданьне. Цяпер у вашых перадачах “Беларускае замежжа” няма такога ахопу, каб расказвалася і пра беларусаў з блізкага замежжа, людзей, якія лічаць сябе беларусамі, але жывуць у блізкім замежжы: Расея, Прыбалтыка, Украіна. Калі б у перадачы “Беларускае замежжа” быў бы і гэты ахоп, то гэта таксама было б цікава. Тым больш, што калі меркаваць па маіх родзічах, якія жывуць у Расеі, гэта не прыхільнікі рэжыму. Мне здаецца, паказ жыцьця нашых суайчыньнікаў у блізкім замежжы дадаў бы дынамікі і цікавасьці перадачы “Свабоды” “Беларускае замежжа”.

(Ларыса, Менск: ) “Учора слухала па “Свабодзе,” што асуджаны за хабар дырэктар гімназіі, у якой навучаецца ўнучка прэзыдэнта. Элітная гімназія і дырэктар таксама высокапастаўлены… І неяк ня вяжацца ў маім уяўленьні, што такі чалавек не разумеў, што можа здарыцца, калі атрымліваць хабар. Такі ўчынак чалавек можа ўчыніць тады, калі ён упэўнены, што ўсё праходзіць незаўважна. А банкіры, якіх судзілі за тое, што прысвоілі дзяржаўныя грошы? А выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту, якія бралі хабар? Вынік такі, што ў нашай краіне ня выкананыя абяцанкі... Вось чаму адны жывуць добра за кошт другіх. І яшчэ адно пытаньне: ці пакараны той малдовец, які даваў хабар дырэктару гімназіі? Ён таксама павінен сядзець за кратамі. Бо калі мы будзем даваць хабар, то тады яны будуць яго браць. І мы таксама павінны сядзець за тое. Гэта злачынства ўзаемнае”.

(Спадар: ) “Вялікая ганьба ўсяму калектыву БДУ, што яны так лёгка здалі паважанага былога рэктара Аляксандра Ўладзіслававіча Казуліна на расправу паслугачам лукашызму. Свабоду Казуліну! Жыве Беларусь!”

(Іван Карпавіч, Менск: ) “Я хачу зьвярнуцца праз вашую радыёстанцыю, таму што я ёю карыстаюся, да Лукашэнкі. Як трапіць да яго на прыём па такім пытаньні? Пасьля дажджу не прайсьці па тратуарах. Гэта першае. Па дарогах не праехаць. Калі мы навучымся рабіць дарожнае пакрыцьцё і тратуарнае. Другое пытаньне па капітальным рамонце без высяленьня грамадзянаў. Гэта пакутлівы працэс. Той, хто прайшоў праз капітальны рамонт, можа мяне зразумець. Ён заявіў, што “ў адно акно" і рашаецца пытаньне. Я ў шэсьць вокнаў зьвярнуўся, у тым ліку ў прэзыдэнцкую адміністрацыю двойчы пісаў, хадзіў трэці раз. Гэта проста катарга для насельніцтва, калі без высяленьня. Не было вады два месяцы, мы не карысталіся прыбіральняй два месяцы. Цяпер мы не карыстаемся газам месяц ужо. Якая ёсьць арганізацыя, што можа навесьці парадак? Няма. Вось я хачу прапанаваць прэзыдэнту, каб не здымалі зь людзей на капітальны рамонт, а я мог заплаціць любой прыватнай асобе, якая мне зробіць за два тыдні, і я ня буду пакутаваць, буду ў чысьціні”.

(Спадар: ) “Няўжо Вам няма няёмкасьці, не кажу ўжо сораму, за гэтага Скрабца?! Чалавек ні на воднай мове ня можа зьвязаць два словы. А беларускай мове ня ведае. Сорам слухаць, як ён гаворыць. Навошта Вам гэты... недарэка? Даруйце мне, калі ласка, за гэтыя жорсткія словы. Сорам, крыху сорам”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры дзень! У мяне да вас вялікая просьба. Вельмі добра было б, каб вы арганізавалі канцэрт зь любімым Данчыкам на Каляды і Новы год. Дайце яму магчымасьць выступіць цягам адной гадзіны. Я ўпэўнены, ён ведае беларускіх песень ня менш за сотню. Мы, вашыя слухачы, будзем вельмі радыя. Я паўтаруся, што з 1994 году і па цяперашні час ні радыё, ні тэлебачаньня не гляджу. Пасьля іх хлусьні я сябе вельмі дрэнна адчуваю”.

(Спадар: ) “Хачу выказаць шчырае захапленьне, падтрымку і павагу экс-кандыдату на прэзыдэнта прафэсару Казуліну. Бо за што яго асудзілі, выканаўшы палітычны заказ Лукашэнкі? За тое, што гэты па-сапраўднаму мужны чалавек не адзін раз сказаў у голас тое, пра што многія гавораць шэптам на кухні і некаторыя ў эфіры Радыё Свабода. Сказаў у перадвыбарчых выступах па тэлебачаньні і ў друкаваных перадвыбарчых матэрыялах... Вось як насамрэч у нашай краіне ўсё перакулена з ног на галаву, калі прафэсар незаконна сядзіць у турме, а дырэктар саўгасу нелегітымна кіруе краінай. І ў краіне і за яе межамі праходзяць эстафэтныя галадоўку з гэтай нагоды. Я зусім не хачу рабіць меншымі заслугі Мілінкевіча. Але, па-мойму, Казулін ня менш, чым ён варты, прэміі Сахарава. Аляксандар Уладзіслававіч, Вы патрэбныя Беларусі жывы і здаровы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG