Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навучаньне ў аўташколах: “Усё будзе толькі даражэць, будзе толькі горш”


Ігар Карней, Менск Колькасьць ахвотных атрымаць пасьведчаньне кіроўцы ў дзесяткі разоў перавышае магчымасьці аўташколаў. Сёлета ў ліпені Міністэрства транспарту правяло пераліцэнзаваньне школаў. Пасьля гэтага сытуацыя яшчэ больш ускладнілася – колькасьць школаў кіраваньня скарацілася на дзьве сотні. Цяпер іх засталося 300. У школах пачалі ўзьнікаць чэргі. Запіс ідзе на некалькі месяцаў наперад. Днямі жадаючыя вучыцца ў аўташколе “Атлянт” учынілі бойку. З дапамогай кулакоў яны высьвятлялі, хто апынецца ў ліку 90 курсантаў адной зь лепшых менскіх аўташколаў.

Паводле інструкцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, вызначаныя новыя правілы да працы аўташколаў. Цяпер у кожнай групе ня можа быць болей за 30 чалавек. Час працы інструктара абмежаваны 10 гадзінамі.

Спэцыялісты кажуць, што пасьля скарачэньня колькасьці аўташколаў конкурс на месца ў найбольш папулярных месцах складае 8-10 чалавек, а папярэдні запіс на 2-3 месяцы. Кошт навучаньня не павінен перавышаць 590 тысяч рублёў.

У Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі заклапочаныя рэзкім павелічэньнем дарожных аварыяў з чалавечымі ахвярамі. Летась у васьмі тысячах дарожна-транспартных здарэньняў загінулі 1670 чалавек. Паводле міліцыянтаў, адна з прычынаў – няякасная падрыхтоўка кіроўцаў у аўташколах. Пра гэта кажуць нават шараговыя супрацоўнікі патрульна-паставой службы.

(Міліцыянт: ) “Усе гэтыя курсанты, якія нібыта здалі іспыты (насамрэч, здаў – і ўсё адразу ж забыўся), праз колькі часу яны купляюць машыны? Асабліва тыя, якія адразу школу скончаць, а потым, праз гады два, машыны набываюць? Яны ж таксама езьдзіць ня ўмеюць”.

У Міністэрстве транспарту, якое курыруе працу аўташколаў, канстатуюць: ў некаторых школах сыстэма атрыманьня пасьведчаньняў пра сканчэньне курсаў была пастаўленая на камэрцыйны канвэер. Стаць кіроўцам стала магчыма за два месяцы; зьявіліся нават паскораныя курсы – за падвойную плату. Некаторыя з тых, што ўжо адвучыліся, не хаваюць: у аўташколах вучаць, як здаць іспыты ў ДАІ, а не кіраваньню машынай у шчыльным гарадзкім руху. Гаворыць спадарыня Вольга, якая дагэтуль перажывае стрэс, выяжджаючы на вялікую дарогу.

(Вольга: ) “Я іспыт з трэцяй спробы здала. Але ў такое адчуваньне склалася, што менавіта для гэтага аўташкола і існуе – каб здаць іспыт. Для жыцьця, на жаль, вельмі мала практычных ведаў там даюць... Я лічу, прыкладам, няправільным, што навучэнцам нельга выяжджаць на цэнтральныя праспэкты. Бо калі я выяжджаю на праспэкт (ужо пасьля заканчэньня школы) перажываю стрэс, хоць нібыта па праспэкце ехаць і лёгка. Але спрацоўвае псыхалягічная ўстаноўка – мне нельга было езьдзіць, калі я вучылася”.

Паводле статыстыкі Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту: на рахунку недасьведчаных кіроўцаў, якія скончылі аўташколу меней за год таму, толькі 5% дарожна-транспартных здарэньняў з пацярпелымі. Кіраўнік Асацыяцыі Алег Маркевіч перакананы: пачынаючы аўтааматар ніколі ня будзе ліхачыць на дарозе. А тое, што дзяржава так радыкальна ўзялася за рэвізію аўташколаў, тлумачыцца адным: жаданьнем манапалізаваць гэтую сфэру.

(Маркевіч: ) “На роўным месцы захацелі падвысіць даходную частку. Таму нічога ня будзе таннага: усё будзе толькі даражэць, усё будзе толькі горш. І гэта насамрэч так. То бок, нічога добрага для шараговых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь ня будзе адбывацца і не адбываецца”.
XS
SM
MD
LG