Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Сабескі ліставаўся зь Людовікам XIV


Іна Студзінская, Менск Архівы Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы маюць намер стварыць інфармацыйна-пошукавую сыстэму па родзе Радзівілаў. Да Кастрычніцкага перавароту амаль усе архівы Радзівілаў захоўваліся ў Нясьвіскім замку, цяпер дакумэнты раскіданыя па сьвеце – знаходзяцца ў Літве, Польшчы, Украіне, Расеі.

У архівах Беларусі знаходзяцца больш за 26 тысяч дакумэнтаў князёў Радзівілаў, першыя зь якіх датуюцца XIV ст., апошнія – 1939 годам. Значная частка матэрыялаў знаходзіцца ў Галоўным архіве старадаўніх актаў у Варшаве. Невялікую колькасьць дакумэнтаў маюць архівы Літвы і Ўкраіны.

У Беларусі, да прыкладу, захаваўся архіў караля Рэчы Паспалітай Яна Сабескага, які трапіў у спадчыну да Радзівілаў. Ёсьць гараскоп караля Прусіі Фрыдрыха, шмат іншых унікальных дакумэнтаў. Распавядае дырэктар Беларускага навукова-дасьледчага цэнтра электроннай дакумэнтацыі Вячаслаў Насевіч.

(Насевіч: ) “У тым ліку і ліст Караля Францыі Людовіка ХІУ да караля Яна Сабескага з асабістым подпісам Людовіка. Вось і ўся перапіска, якая на сёньняшні дзень вядомая. Ліст на францускай мове, там пра дыпляматычныя зносіны”.

Размовы пра стварэньне электроннага архіву Радзівілаў вядуцца з 2001 года. Мэта праекту – ўзьяднаньне ў інфармацыйна-пошукавай сыстэме некалі вядомага нясьвіскага архіўнага комплексу. Цяпер, падобна, справа зрушыцца – праз два тыдні ў Менску, пад эгідай ЮНЭСКА адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя.

(Насевіч: ) “Дамовіліся спачатку ствараць інфармацыйную сыстэму, каб перапісаць усе гэтыя дакумэнты, а потым будзем найбольш цікавыя пераводзіць ў электронны варыянт, выстаўляць на сайтах. Будзе канфэрэнцыя 30 лістапада ў Менску, у Нацыянальнай бібліятэцы, і якраз адным з пытаньняў будзе віртуальная рэканструкцыя архіву і бібліятэкі Нясьвіскага збору Радзівілаў. Але зноў такі, пакуль гэта ўсё на пачатковай стадыі”.

Дырэктар Беларускага навукова-дасьледчага цэнтра электроннай дакумэнтацыі Вячаслаў Насевіч настроены даволі аптымістычна – архіў будзе створаны, а потым на чарзе – аднаўленьне бібліятэкі Радзівілаў.

У сваю чаргу дырэктарка Нацыянальнага гістарычнага архіву Ала Галубовіч сьцьвярджае, што пакуль праца вядзецца выключна на энтузіазьме.

(Галубовіч: ) “Няма адзінай праграмы, няма дамоваў. Ёсьць адзіная дамова па абмену капіяваных дакумэнтаў. Мы палякаў папрасілі, каб яны нам далі інвэнтары магнацкіх валадараньняў. Яны ў нас папрасілі дакумэнты па гісторыі Падляшша. Пакуль няма ні фінансаваньня, нічога”.
XS
SM
MD
LG