Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зімняя школа” здыме дакумэнтальны фільм пра Чэхію і Беларусь


Севярын Квяткоўскі, Менск "Зімняя школа" — так завецца супольны чэска-беларускі праект, мэта якога паглядзець на абедзьве краіны вачыма чэскіх і беларускіх студэнтаў. Праект стартаваў у Менску цяпер у лістападзе, а мае скончыцца ў Чэхіі ў сьнежні. Вынікам станецца дакумэнтальны фільм. Ідэя праекту належыць Мілану Штэфанцу, які ўзначальвае арганізацыю "Незалежны сацыяльна-экалягічны рух".

(Карэспандэнт: ) "Я ўздымаюся па лесьвіцы аднаго з дамоў у цэнтры Менску. У адной з кватэраў паўпадпольная сустрэча. Чэскія студэнты дыскутуюць са сваімі беларускімі аднагодкамі, якія ўдзельнічаюць у руху мірнага супраціву афіцыйнай ўладзе. Мяне просяць не запісваць саму дыскусію, каб са зьместу нельга было зразумець, хто зь беларусаў бярэ ўдзел у праекце”.

"Мы мусім яшчэ без праблемаў выехаць зь Беларусі і вывезьці кінаматэрыял, а нашыя беларускія сябры пазьней маюць патрапіць у Чэхію", — тлумачыць кіраўнік праекту Мілан Штэфанец.

(Штэфанец: ) "Мяркую, што чэскія СМІ даюць пра Беларусь толькі два пункты гледжаньня. Адзін — нібыта тут рэжым, як у Паўночнай Карэі, што тут людзі галадаюць і ўсіх забіваюць. Другі — што тут рэжым, які квітнее, а Беларусь — самая пасьпяховая краіна былога СССР. Мой досьвед паказвае, што праўды няма ні ў першым, ні ў другім. Я б хацеў, каб чэскія студэнты зрабілі самастойную ацэнку сытуацыі. Гэта лепш, чым дазнацца з газэт, апазыцыйных ці дзяржаўных".

(Радка: ) "Калі я прыехала, я была зьдзіўленая, што тут жыцьцё падобнае, як на Захадзе, што людзі апранаюцца, як на Захадзе, і нават большы выбар жуек, чым у Чэхіі".

Гэта словы дзяўчыны Радкі пра Менск. Але яна падкрэсьліла, што чым далей ад беларускай сталіцы, тым бяднейшым выглядае жыцьцё людзей, і нават у выглядзе людзей можна пабачыць больш кантрасту:

(Радка: ) "Людзі з апазыцыйных партыяў, якія прымалі нас тут у Менску, выглядаюць вельмі шляхетна".

Мілан Штэфанец падкрэсьліў, што запрасіў да ўдзелу ў здымках студэнтаў самых розных поглядаў: ад анархісцкіх да права-кансэрватыўных. У Беларусі госьці з Чэхіі мелі сустрэчы ў Менску, Горадні і Гомелі з актывістамі альтэрнатыўнага грамадзкага жыцьця: палітычнага, сацыяльнага і культурніцкага. Распавядае Якуб:

(Якуб: ) "Мяне вельмі цікавіць культурніцкая актыўнасьць: культурніцкія часопісы, літаратура. Я ўзразіўся, што сустрэў выданьне, падобных да якіх няма ані ў Чэхіі, ані на Захадзе. Напрыклад, "Студэнцкая думка".

"Студэнцкая думка" — мультымэдыйны часопіс, які выходзіць на кампакт-дысках: матэрыялы падаюцца адразу ў тэкставым, графічным, аўдыё- і відэафарматах.

З другога боку, Якубу страшна з таго, як актыўныя людзі ў Беларусі рызыкуюць, робячы штосьці насуперак уладам.

Радка разьвівае тэму:

(Радка: ) "Страшна, што людзі ўжо прызвычаіліся працаваць у паўлегальных умовах. Але добра тое, што яны ведаюць, як працаваць у такой сытуацыі".
XS
SM
MD
LG