Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рынку Шабаны прадпрымальнікі засталіся бяз працы


Міхал Стэльмак, Менск У Менску на рынку Шабаны ад учорашняга дня забаронены гандаль некаторымі відамі харчаваньня. Больш як два дзясяткі дробных прадпрымальнікаў засталіся бяз працы.

15 лістапада стала “чорным” днём для некаторых камэрсантаў менскага рынку Шабаны. Расказвае бізнэсовец Аляксандар Драніцкі:

(Драніцкі: ) “Зачынены гандлёвыя кропкі гандлю бакалейнымі таварамі, кандытарскімі вырабамі, рыбай сьвежамарожанай і нават салёнай, дзьве кропкі продажу сьвежага мяса. Ад 20 да 30 гандлёвых кропак зачынена. І такім тэрміновым шляхам… Не далі нават апамятацца. Тут на пярэднім краі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Падставы – сьмехатворныя, я б сказаў: няма пляцоўкі для разгрузкі тавару”.

Рашэньне пра забарону гандлю на рынку Шабаны вынесла санэпідслужба Заводзкага раёну. Вось як пракамэнтавала гэты крок загадчыца аддзелу гігіены й харчаваньня Марына Сьвірыд:

(Сьвірыд: ) “Па рынку Шабаны вынесена пастанова аб забароне гандлю асобных відаў тавараў: у прыватнасьці, рыбнай прадукцыяй, хлебабулачнай прадукцыяй, бакалейнай прадукцыяй у сувязі з невыкананьнем шэрагу патрабаваньняў санітарных правіл. Там вялікая пастанова, яна вынесена з тэрмінам “пастаянна”. Яна ўручана ўсім прадпрымальнікам”.

На рынку ня вераць афіцыйным тлумачэньням. У асяродку гандляроў ёсьць некалькі вэрсіяў. Удзельнікі кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” лічаць, напрыклад, што гэтае рашэньне – частка буйнамаштабнага праекту. Яшчэ ў верасьні стаў вядомым намер уладаў увесьці новыя правілы на рынках, якія абмяжоўваюць тут гандаль некаторымі прадуктамі харчаваньня.

Антыпрадпрымальніцкая ініцыятыва ў Шабанах, як лічыць лідэр прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў, сьведчыць пра рэалізацыю такой палітыкі:

(Гарбачоў: ) “Я так думаю, гэта ўваходзіць у пляны, у той праект у маштабах усяе краіны забараніць гандаль пэўнымі таварамі на рынках: бакалеяй, рыбай, кандытарскімі вырабамі. І тое, што творыцца на гэтым рынку, гэта толькі пачатак, першы крок уладаў – паглядзець, як павядуць сябе прадпрымальнікі”.

Бізнэсоўцы лічаць, што ўлады ставяць мэтай зьмяніць сытуацыю ў гандлёвай сфэры – зьменшыць продаж тавараў прыватнікамі на рынках і павялічыць у дзяржаўных крамах. Маўляў, праз гэта дзяржава і пабагацее.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG