Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Беларусьфільм” чакае прыходу Замяталіна


Віталь Сямашка, Менск На апошняй плянёрцы ў “Беларусьфільме” кіраўнікам падразьдзяленьняў публічна паведамілі, што новым дырэктарам студыі будзе прызначаны былы галоўны ідэоляг Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Замяталін. Тым часам, задаволеная заява на звальненьне па ўласным жаданьні былога кіраўніка –Аляксандра Яфрэмава. Ён застанецца мастацкім кіраўніком кінастудыі. Афіцыйнае прызначэньне Замяталіна чакаецца зь дня на дзень.

Намесьнік дырэктара “Беларусьфільма” Сяргей Леановіч ўскосна пацьвердзіў інфармацыю.

(Карэспандэнт: ) “Хто сёньня выконвае абавязкі дырэктара кінастудыі?”

(Леановіч: ) “Ну, я…”

(Карэспандэнт: ) “Гэта значыць, што просьба Аляксандра Яфрэмава пра вызваленьне з пасады задаволеная?”

(Леановіч: ) “А што вы пра гэта ў мяне пытаеце?! Я яго не прызначаю і не звальняю, спытайце ў яго самога!”

(Карэспандэнт: ) “І пра прызначэньне Замяталіна таксама?”

(Леановіч: ) “Я ня буду камэнтаваць таксама! Калі ўсё адбудзецца, тады і будзе. Я не сарафаннае радыё!”

Кінадакумэнталіста Віктара Асьлюка, які апошнімі гадамі атрымаў, бадай, найбольшую колькасьць узнагародаў на міжнародных фэстах, навіна прывяла ў стан разгубленасьці.

(Асьлюк: ) (сьмяецца ) “Гэта трэба перажыць. Віталь, я ня ведаю, што табе сказаць, я проста разгублены…”

У патрыярха беларускага кіно, народнага артыста Беларусі Ігара Дабралюбава я спытаў:

(Карэспандэнт: ) “Замяталін – той чалавек, які патрэбны “Беларусьфільму”?”

(Дабралюбаў: ) “Ды не, канечне, не. Ён у кіно ня меў удзелу. Што ёсьць на “Беларусьфільме”, тое і будзе: няма кадраў, рэдактараў, мастакоў. Патрэбны такі прафэсіянал, як Цясьлюк…”

А вось і рэакцыя 65-гадовага кінарэжысэра Ўладзімера Цесьлюка:

(Цясьлюк: ) “А пры чым тут кіно? Дырэктар і кіно – гэта розныя рэчы. Дырэктар мусіць быць гаспадарнікам. Дэпартамэнт жа Мінкульта прымае фільмы – а там хто прафэсіянал?!.. А чым ён для мяне благі? А пра дырэктараў, што былі, у нас не спытвалі, калі прызначалі! Ён жа займаўся прапагандай, а кіно тая ж прапаганда…”

Яшчэ адзін з патрыярхаў беларускай дакумэнталістыкі пажадаў, каб ягонае прозьвішча да часу не называлася.

(Спадар: ) “Зьдзіўляюся, што ён згадзіўся – гэта ж проста загадчык гаспадаркі ў нейкім калгасе, таму што зараз “Беларусьфільм” нічога сабой не ўяўляе. Гэта проста разбураны будынак і разбураныя мастацкія вартасьці ў людзей”…

Экс-рэжысэр “Тэлефільму” ды калісьці забароненай уладамі тэлепраграмы “Крок” Уладзімер Міхарскі.

(Міхарскі: ) “Прыход Замяталіна – зусім ня першы шок. Да гэтага нядаўна, са словаў студыйнага начальства, ужо і так стала вядома, што большасьць структураў – а гэта гаражы, сталярка, асьвятляльны цэх – цягам двух гадоў будуць пераведзеныя ў Калодзішчы. А небезьвядомы Замяталін – гэта ня Корш-Саблін ці Пыр’еў, якія дасканала ведалі кінавытворчасьць і бачылі сапраўдныя таленты. А ці ведае, што гэта такое, ідэоляг суслаўскага пашыбу палкоўнік Замяталін?! Ня ведае! І ці ўсьвядоміў перад прыходам у кіно, што, каб мы ўкладалі столькі грошай у культуру, колькі ў міліцыю ды АМАП, іх столькі і не трэба было б?!”
XS
SM
MD
LG