Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВУП Беларусі: лепш за Расею, Украіну, горш за Армэнію, Казахстан, Эстонію


Радыё Свабода Днямі была абнародаваная справаздача Эўрапэйскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, у якой аналізуюцца эканомікі 28 краінаў Цэнтральнай Эўропы, СНД і Манголіі. Паводле макраэканамічных паказчыкаў, Беларусь на тле іншых выглядае няблага. Рост валавага ўнутранага прадукту (ВУП) летась складаў 9.2%, сёлета паводле прагнозу будзе роўным 9.5%. Гэта, дарэчы, нават больш, чым было заплянавана ўрадавым прагнозам эканамічнага разьвіцьця на 2006 год – 7-8%.

Паводле тэмпаў росту валавага ўнутранага прадукту Беларусь летась саступала ў рэгіёне прыкладна на 1% Латвіі, Эстоніі, Казахстану і Туркмэністану. Рост ВУП Армэніі на 14% і Азэрбайджану – ажно на 26% былі выключэньнем з правілаў. І летась і сёлета Беларусь паводле росту гэтага паказчыка апярэджвае Расею і Ўкраіну, у Расеі рост ВУП – каля 6.5%, ва Ўкраіне летась назіралася драматычнае падзеньне гэтага паказчыка – 2.6% росту, сёлета чакаецца, што ўкраінскі ВУП вырас на 6%.

Адносна прыстойныя паказчыкі мае Беларусь паводле тэмпу інфляцыі – 10.3% у год летась, і 7% - прагноз на гэты год. Праўда, у параўнаньні, скажам , з краінамі Цэнтральнай і нават Паўднёва-Усходняй Эўропы беларускія паказчыкі ня надта добрыя – у краінах Цэнтральнай Эўропы сярэднегадавая інфляцыі 3-4%. Але на тле іншых краінаў СНД беларускія вынікі цалкам прыстойныя, напрыклад, інфляцыя ва Ўкраіне і ў Расеі і летась і паводле прагнозу сёлета вышейшы, чым у Беларусі.

Карціна рэзка мяняецца пры пераходзе ад гэтых макраэканамічных паказчыкаў да індыкатараў рэфармаванасьці. Тут Беларусь – хіба не апошняя. Напрыклад, доля прыватнага сэктару ў вытворчасьці таго ж валавага ўнутранага прадукту складае ў Беларусі толькі 25%, столькі ж – толькі ў Туркмэністане. У той жа час у Расеі і ва Ўкраіне прыватны сэктар вытварае 65% ВУП, у Латвіі –70%, у Літве і Польшчы –75%. Экспэрты Эўрапейскага банку, ацэньваючы паводле пяцібальнай сыстэмы стан прыватызацыі, гандлю, фінансавых інстытутаў і інфраструктурных рэформаў, паставілі Беларусі амаль паўсюль двойкі і адзінкі, толькі “вызваленьне цэнаў” нацягнула на тройку зь мінусам.

Але можа быць гэтыя ацэнкі адлюстроўваюць толькі ідэалягічныя перакананьні экспэртаў банку, няздольных зразумець перавагі “беларускай мадэлі”, якая забясьпечвае някепскія вынікі і без рэформаў? Справаздачу Эўрапейскага банку мы папрасілі пракамэнтаваць эканаміста Яраслава Раманчука.

(Раманчук: ) Той факт, што беларуская эканоміка расьце, ня сьведчыць пра тое, што мадэль, абраная нашым урадам, дае лепшы вынік і забясьпечвае доўгатэрміновы ўзрост. Нягледзячы на тое, што ўзрост ВУП у нас складае 9-10%, за гэтымі лічбамі крыюцца сур’ёзныя структурныя дыспрапорцыі, зь якімі мы сутыкнёмся у наступным годзе. Калі Беларусь апынецца без 13% ВУП, які складае энэргетычны "грант" ад Расеі, калі мы сутыкнёмся з тым, што Расея будзе блякаваць імпарт нашых тавараў, бо яна будзе сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, а мы - не, калі нашы прадпрыемствы сутыкнуцца з жорсткай канкурэнцыяй на расейскім рынку з польскімі, францускімі, амэрыканскімі і кітайскімі таварамі, то тады гэтыя структурныя папярэджаньні, пра якія гаварыць Эўрапэйскі банк, будуць ператвораныя ў крызыс, стагнацыю і больш жорсткія ўмовы, у якіх мы павінны будзем рэфармаваць нашу эканоміку.

А калі такія рэформы праходзяць, то ВУП абавязкова падае, і паказчыкі, якія зараз нібыта гавораць пра стабілізацыю, будуць зусім іншыя. Гэта і курс, і інфляцыя, і тэмп росту рэальных даходаў насельніцтва. Падтрымліваць іх на ўзроўні 15-20% у год на працягу двух-трох бліжэйшых гадоў будзе нерэальна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG