Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд прыпыніў разгляд справы апазыцыйнай кампартыі


Альгерд Невяроўскі, Менск Вярхоўны суд Беларусі прыпыніў сёньня разгляд пазову Міністэрства юстыцыі да апазыцыйнай Партыі камуністаў беларускай. Cудовае паседжаньне адновіцца пасьля выбраў у мясцовыя саветы. Паводле беларускага заканадаўства, нельга ліквідоўваць ці прыпыняць дзейнасьць партыяў у часе выбарчай кампаніі. Кіраўніцтва ПКБ зьбіраецца абскарджваць гэтае рашэньне

Міністэрства юстыцыі дамагалася праз суд прыпыніць дзейнасьць Партыі камуністаў беларускай, бо кіраўніцтва якой нейкі час адмаўлялася прадстаўляць сьпісы ўсіх сваіх сябраў. Кіраўніцтва ПКБ асьцерагалася, што на партыйных актывістаў будзе аказаны ціск з боку ўладаў. Але нават пасьля таго, як гэты сьпіс быў прадстаўлены, Міністэрства юстыцыі адмовілася адклікаць свой судовы пазоў.

І вось Вярхоўны суд прыняў рашэньне прыпыніць разгляд справы да заканчэньня выбараў у мясцовыя саветы, бо гэтага патрабуе заканадаўства. Апазыцыйныя камуністы гэтым рашэньнем не задаволеныя. Яны хочуць каб суд адмовіў Мінюсту ў задавальненьні пазову. Гаворыць сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “ Мы будзем з юрыстамі разглядаць пытаньне аб магчымасьці ў парадку нагляду абскардзіць рашэньне суда”.

Тым часам у судзе Цэнтральнага раёну Менску працягваўся разгляд пазову Партыі камуністаў да лідэра праўладнай КПБ, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Тацяны Голубевай і газэты гэтай партыі “Камуніст Беларусі”. У ліпені газэта зьмясьціла вытрымкі з прамовы Голубевай ў часе так званага аб’яднаўчага зьезду кампартыяў. Дэпутатка сьцьвярджала, што многія апазыцыйныя камуністы далучыліся да КПБ. Кіраўніцтва ПКБ лічыць гэтыя словы хлусьнёй і патрабуе абвяржэньня. Сёньня суд заслухаў сьведак. Праўладныя камуністы прадставілі пратаколы сходаў дэлегатаў зьезду, у якіх фігуравалі прозьвішчы былых сябраў апазыцыйнай кампартыі. Алена Скрыган працягвае:

(Скрыган: ) “Поўная фальсыфікацыя, нават сьмешна гэта чытаць. Прысутнічаюць 18 сябраў КПБ і нібы адзін сябар ПКБ, як, напрыклад, у Капылі. Але гэты чалавек з 1999 году не сябра ПКБ. Але ён прысутнічае на сходзе і сябры ПКБ выбіраюць яго дэлегатам ад нашай Партыі камуністаў беларускай на гэты аб’яднаўчы зьезд”.

Тацяна Голубева гаварыць пра гэтую справу да вынясеньня судовага рашэньня адмовілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG