Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у пытаньні захаваньня клімату займае 37 пазыцыю


Радыё Свабода “Калі б барацьба за захаваньне клімату была б алімпійскай дысцыплінай, то ніводная з краін не атрымала б алімпійскага мэдалю”, -- такое меркаваньне агучыў у Найробі на Міжнароднай канфэрэнцыі кліматычных зьменах нямецкі экспэрт-эколяг Ян Бурк. Мэта сёлетняй аанаўскай імпрэзы – спроба ўсебакова ацаніць намаганьні краін-удзельніц Кіёцкага пратаколу ў барацьбе супраць глябальнага пацяпленьня.

Нагадаем, што пад міжнародным дакумэнтам, накіраваным на абмежаваньне выкідаў вуглекіслага газу ў паветра падпісаліся 56 краін, у тым ліку і Беларусь. Як паведаміў Свабодзе з Найробі Ян Бурк, Беларусь, паводле экспэртных ацэнак, займае 37 пазыцыю ў пытаньні захаваньня клімату.

Ян Бурк прадстаўляе нямецкую няўрадавую арганізацыю Germanwatch, якая займацца пытаньнямі глябальнага экалягічнага разьвіцьця. Паводле ягоных словаў, праблема глябальнага пацяпленьня ёсьць цэнтральнай у дзейнасьці экспэртаў Germanwatch. Лічыцца, што бясьпечны ўзровень пацяпленьня на Зямлі роўны двум градусам Цэльсія. У гэтым накірунку чалавецтва прайшло адну траціну дыстанцыі, а таму, заяўляюць экспэрты, трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб абмежаваць выкіды парніковых газаў і такім чынам не дапусьціць яшчэ большага пацяпленьня.

(Бурк: ) “Што мы маем на ўвазе, калі гаворым пра барацьбу за захаваньне добрага клімату. Гэта шэраг індыкатараў. Наколькі добра тая ці іншая краіна ўлічвае магчымыя наступствы кліматычных зьменаў. Размова ідзе пра тэндэнцыю энэргаўжываньня на душу насельніцтва, выкіды вуглекіслых газаў прадпрыемствамі. Вельмі важны момант нацыянальная і міжнародная кліматычная палітыка дзяржавы. Паколькі ўсясьветныя праблемы можна вырашыць, каапэруючыся з рознымі іншымі дзяржавамі на міжнародным узроўні».

Паводле спадара Бурка, апошні фактар ёсьць вельмі істотным у барацьбе за захаваньне нармальнага клімату.

(Бурк: ) «Калі гаварыць пра Беларусь, то разам з Расеяй яна блякуе розныя міжнародныя перамовы ў галіне Кіёцкага пратаколу. Ад 1998 Беларусь ня робіць нейкай добрай палітыкі ў гэтай галіне. Беларусь мае экалягічна шкодную вытворчасьць з выкідам вуглекіслых газаў. У выніку ня самае высокае 37-месца. Аднак я не скажу, што тыя краіны, якія ўвайшлі ў першую дзясятку – ад Швэцыі да Швэйцарыі - робяць штосьці вельмі добра. Яны толькі крыху лепшыя за іншых».

Спадар Бурк, тым ня менш, спадзяецца, што першая дзесятка, у якую акрамя Швэцыі і Швэйцарыі ўвайшлі Вялікая Брытанія, Данія, Мальта, Нямеччына, Аргентына, Вугоршчына, Бразылія, усё ж створыць гэтак мовіць кліматычную кааліцыю і дасьць нейкія пазытыўныя сыгналы іншым краінам.

Калі гэтага не адбудзецца, то да 2050 году агульная плошча тэрыторыяў на Зямлі, якія пацерпяць ад моцнай засухі, можа павялічыцца ў пяць разоў, вельмі сур’ёзным выпрабаваньнем для жыхароў плянэты стане недахоп пітной вады, у сьвеце з’явяцца найменей 200 мільёнаў экалягічных уцекачоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG