Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“CORE” дапамагае Беларусі рэабілітаваць забруджаныя радыяцыяй раёны


Валер Каліноўскі, Столін Сёньня ў Століне на Берасьцейшчыне праходзіць паседжаньне Камітэту ў справе падрыхтоўкі і ацэнкі праектаў рэабілітацыі забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў у рамках міжнароднай праграмы “Супрацоўніцтва дзеля рэабілітацыі” (“CORE”), якая працуе трэці год. Замежныя донары праграмы выказваюць спадзеў на зьмяншэньне бюракратычных перашкод у Беларусі.

На гэты час у рамках праграмы “Супрацоўніцтва дзеля рэабілітацыі” распрацаваныя 105 праектаў у чатырох пацярпелых раёнах Беларусі – Столінскім, Брагінскім, Чэрыкаўскім і Слаўгарадзкім. Бюджэт праектаў, якія маюць выключна лякальны характар – 8 мільёнаў эўра. Праграма разьлічаная перш за ўсё на ініцыятыву на месцах у справе аздараўленьня, радыяцыйнага кантролю, сацыяльна-эканамічнай рэабілітацыі. Асноўныя донары праграмы: Эўракамісія, агенцтвы сыстэмы ААН, АБСЭ, Францыя, Швэйцарыя і Нямеччына.

Прадстаўніца ААН у Беларусі Джыхан Султанаглу паведаміла, што з 105 праектаў на сёньня фінансаваньне атрымала толькі палова, а зь іх толькі палова рэалізоўваецца.

(Султанаглу: ) "Такім чынам, з аднаго боку, нам трэба болей рэсурсаў для падтрымкі праектаў, але, з другога боку, патрэбна і паскарэньне працэдур зьвязаных з рэгістрацыяй і ўхваленьнем дапамогі".

Многія кіраўнікі праектаў скардзіліся на абкладаньне падаткамі тэхнічнай дапамогі, якая прыходзіць з-за мяжы. Спадарыня Султанаглу прызнае, што існуюць бюракратычныя перашкоды, і выказала спадзеў, што ўсе гэтыя працэдуры, у тым ліку разгляд заяваў на вызваленьне ад падаткаў, будуць больш простымі і празрыстымі, каб праекты хутка рэалізоўваліся і прыносілі вынікі дзеля паляпшэньня жыцьця грамадзян на забруджаных тэрыторыях.

Адзін з найбольш пасьпяховых праектаў праграмы “CORE” – праект па ўстойліваму эканамічнаму разьвіцьцю ў сельскай гаспадарцы “CORE –Agri”. Гэты праект рэалізуецца ў Столінскім і Слаўгарадзкім раёнах, і ў бліжэйшым часе ахопіць і Брагінскі раён,– паведаміў спэцыяліст праграмы "CORE" Аляксей Чыстадарскі:

(Чыстадарскі: ) “Удзельнікі гэтага праекту – уладальнікі асабістых падсобных гаспадарак, сельскія прадпрымальнікі, якім патрэбная тэхнічная, інфармацыйная ці фінансавая падтрымка. Асноўныя накірункі гэтага праекта – атрыманьне чыстай прадукцыі. На стадыі экспэрымэнту знаходзіцца мікракрэдытаваньне ўладальнікаў падсобных гаспадарак”.

На гэты час перавагамі міжнароднай дапамогі карыстаецца больш за 500 вясковых гаспадароў. У сераду ў Століне разглядаецца 26 новых ініцыятываў, лепшыя зь якіх атрымаюць замежную падтрымку.
XS
SM
MD
LG