Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Красоўскага больш не падазраюць у згвалтаваньнях ды забойствах (абноўл.)


Радыё Свабода, Віцебск Жодзінскага актывіста сёньня зноў выклікалі ў Віцебскую управу барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. У прысутнасьці адваката Паўла Сапелкі ён пазнаёміўся з новымі матэрыяламі крымінальных спраў, дзе ён праходзіць у якасьці падазраванага.

Старшы сьледчы Рэспубліканскай пракуратуры ў асабліва важных справах Аляксандар Расолька паведаміў Красоўскаму, што матэрыялы экспэртызаў пацьвярджаюць ягоную недатычнасьць да двух цяжкіх злачынстваў – згвалтаваньняў ды забойстваў непаўналетніх дзяўчат. Гэтыя злачынствы застаюцца нераскрытымі з 1999 году; моладзеваму актывісту на той час не было і 16-ці год.

(Красоўскі: ) "Сьледчы Расолька мяне пазнаёміў з пратаколам аб спыненьні справы аб згвалтаваньнях. Ёсьць вынікі генэтычнае экспэртызы, якія пацьвярджаюць, што я гэтага злачынства не рабіў – там нідзе няма менавіта маёй крыві, кроў не супадае. Таксама мяне пазнаёмілі з вынікамі дактыляскапічнае экспэртызы, гэта ўжо па справе выбухаў. Адбіткаў маіх пальцаў на ўсіх рэчах, дзе былі знойдзеныя розныя адбіткі, таксама няма. Яшчэ мяне пазнаёмілі з пастановай на экспэртызу флэш-карты ад фотаапарата, якую таксама ў мяне забралі: сьледзтва хоча даведацца, ці не працаваў я зь ёй у верасьні 2005-га году".

Паводле Паўла Красоўскага, яшчэ ня зроблена экспэртыза ягонага пашпарту, дзе ёсьць памежныя штампы, якія сьведчаць пра тое, што на час віцебскіх выбухаў хлопца ўвогуле не было на Беларусі. Гэта, на думку адваката Паўла Сапелкі, магло б канчаткова зьняць усе падазрэньні зь яго падабароннага.

(Сапелка: ) "Я ні на хвіліну не сумняюся ў тым, што перасьлед Паўла Красоўскага па абодвух злачынствах будзе спынены. Цяпер мы атрымалі пастанову, якая ёсьць першым крокам да гэтага – пастанову пра спыненьне крымінальнага перасьледу, зьвязанага зь дзеяньнямі сэксуальнага характару і забойствамі. Наступным крокам, на мой погляд, будзе спыненьне і першай крымінальнай справы – адносна выбухаў у Віцебску".

Гэтым разам Паўлу Красоўскаму нічога не сказалі пра тэрмін наступнага выкліку ў Віцебск: сьледчая Вікторыя Шаварноўская сказала, што мае паведаміць пра гэта па тэлефоне асабіста або праз адваката.
XS
SM
MD
LG