Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец: першыя інтэрвію і фотаздымкі пасьля вызваленьня


Радыё Свабода Сёньня Сяргей Скрабец, якога сваякі прывезьлі ў Менск а палове шостай раніцы, дазволіў сабе паспаць толькі некалькі гадзінаў. Першае ж вялікае інтэрвію пасьля вызваленьня былы палітвязень даў нашаму радыё. Заўтра былы кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, якога сёньня выпусьцілі з турмы на волю, правядзе першую прэсавую канфэрэнцыю.

Вагі, на якія Сяргей Скрабец стаў сёньня, паказалі 69 кіляграмаў. А яго звычайная вага – каля 100 кг. Ён правёў пяць галадовак, апошняя -- у падтрымку яшчэ аднаго зьняволенага, былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, цягнулася з 20-га кастрычніка да сёньняшняга дня. Апынуўшыся на волі, былы палітвязень пачаў выходзіць з галадоўкі.

У зьняволеньні Сяргей Скрабец знаходзіўся паўтара гады, хаця асуджаны быў на два з паловай. Сваё вызваленьне ён зьвязвае ня толькі са шматлікімі асабістымі зваротамі ў пракуратуру, але і з пэўнымі разьлікамі ўлады:

(Скрабец: ) "Маўляў, аднаму палітычнаму вязьню мы далі свабоду. І закон не парушылі. А з другога боку, Казуліна пакінулі аднаго, каб ня было яму тут падтрымкі ў ягонай палітычнай барацьбе".

Спадар Скрабец гаворыць, што за два месяцы да ягонага арышту, які адбыўся 15 траўня 2005 году, ён пачаў працаваць разам з Казуліным над сумеснай праграмай прэзыдэнцкіх выбараў. А перад выхадам на волю Казулін даў Скрабцу наступны наказ:

(Скрабец: ) "Казулін мяне вельмі прасіў, каб я выйшаў з галадоўкі, бо часу галадаваць няма. Трэба працаваць, працягваць справу аб''яднаньня, якую ён распачаў. Пакуль пра падрабязнасьці я не магу гаварыць, але цягам месяцу ўсё пабачыце. У час, калі набліжаецца кангрэс дэмсілаў ды іншыя палітычныя мерапрыемствы, Казулін даў мне права выказваць ад ягонага імя ягоную пазыцыю".

Сваё становішча ў калёніі спадар Скрабец нечакана зраўняў з часам, калі ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў:

(Скрабец: ) "Усе разумеюць, чаму мы апынуліся за кратамі. І ў калёніі нас падтрымлівалі гэтаксама, як нашу дэпутацкую групу "Рэспубліка" у парлямэнце. Дзесьці ў калідоры сустрэнуць, руку паціснуць, і -- у бок. Гэтаксама і ў калёніі. Што я сядзеў у Палаце, што ў калёніі, людзі ж паўсюдна аднолькавыя. Усе баяцца, страх, але падтрымка ўсё роўна ідзе. Але ж насамрэч, вельмі сьмешна -- чаго людзі баяцца? Яны ж у турме! Але ўсё роўна баяцца. Страх проста жудасны".

Сяргей Скрабец расказаў, што ў яго і Аляксандра Казуліна, які па-ранейшаму застаецца за кратамі, існавала магчымасьць ужо а шостай гадзіне раніцы пачуць "глыток свабоды":

(Скрабец: ) "Мы з Казуліным штодня слухалі ў калёніі ваша радыё. Там глушылкі стаяць, але працуюць яны ня вельмі якасна. Я спадзяюся, што і сёньня ўвечары Казулін пачуе мой голас у вашым эфіры. І таму: "Саша, трымайся! Я раблю ўсё так, як мы дамаўляліся. Мы — пераможам! Вялікае дзякуй усім, хто падтрымлівае нас. Нас вельмі падтрымліваюць званкі слухачоў на "Свабоду", паведамленьні пра тое, што ў Варшаве галадуюць у нашу падтрымку... Вялікае дзякуй усім слухачам "Свабоды" і тым людзям, якія робяць гэтую праграму".

Вярхоўны суд Беларусі асудзіў Сяргея Скрабца на два з паловай гады зьняволеньня за выманьваньне крэдытаў у дзяржавы. Былы дэпутат неаднаразова называў гэты прысуд палітычным, і таму праводзіў за кратамі галадоўкі пратэсту.









Сяргей Скрабец з нашым карэспандэнтам Уладзімерам Глодам



Гэтак выглядаў Сяргей Скрабец да галадоўкі

Глядзіце таксама:

• Ул.Парфяновіч: “Рады, што змагар за дэмакратыю выйшаў на свабоду”

• С.Скрабец: “Вадзілі тварам па асфальце, як хацелі”

• А.Скрабец: "Брат ня будзе адпачываць ніводнага дня"

• Сяргей Скрабец выйшаў на волю
XS
SM
MD
LG