Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэн-Ар’е: “Праявы антысэмітызму небясьпечныя для ўсіх колаў грамадзтва”


Алесь Дашчынскі, Менск Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е даў інтэрвію Радыё Свабода з нагоды праяваў антысэмітызму ў Беларусі.

(Карэспандэнт: ) “Вы прасілі тэрміновай сустрэчы з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі ў зьвязку зь нядаўнімі актамі вандалізму антысэміцкага кшталту. Ці адпаведна адрэагавалі на гэтыя падзеі беларускія ўлады?”

(Зэеў Бэн-Ар’е: ) “Тэрміновая сустрэча сапраўды адбылася. Я выказаў заклапочанасьць сваёй дзяржавы антысэміцкімі актамі. Адзін зь іх скіраваны супраць дыпляматычнага аб’екту. Але яшчэ больш жахліва, што другі акт быў учынены ў месцы ўшанаваньня памяці “Яма”, цэнтральным для беларускай габрэйскай суполкі. Гэта, вядома, выклікае надзвычайную заклапочанасьць. І гэта павінна выклікаць такую ж, калі ня большую заклапочанасьць, і ў беларускага кіраўніцтва.



Мяркуючы са знойдзенай улёткі на мэмарыяле “Яма”, гаворка ідзе пра дзейнасьць людзей, якія кіруюцца фашыстоўскімі, нэанацысцкімі ідэямі. І гэта небясьпечна для ўсіх колаў беларускага грамадзтва. Я пачуў выказваньні, дзе гучала шчырае шкадаваньне й асуджэньне актаў і запэўненьні, што правядуць вычарпальнае расьсьледаваньне. Я адзначыў, што ў сувязі з гэтымі падзеямі ў Беларусі дарэчнае будзе асуджэньне адкрытае й публічнае на самым высокім узроўні. І атрымаў запэўненьні, што гэтую думку давядуць да высокага ўзроўню”.

(Карэспандэнт: ) “Таксама Ваша амбасада выказвала спадзяваньне, што беларускія мэдыі разгорнуць шырокую кампанію пратэсту супраць падобных зьяваў. Ці заўважылі Вы гэты пратэст?”

(Бэн-Ар’е: ) “Не, я зусім нічога такога не заўважыў. Мы даслалі прэс-рэліз ва ўсе асноўныя мэдыі Беларусі, у тым ліку на тэлебачаньне. Але наколькі мне вядома, пакуль ніводная газэта й ніводзін тэлеканал не адрэагаваў. Гэта таксама выклікае вялікую заклапочанасьць. Можа, рэч у адсутнасьці апэратыўнасьці. Я лічу, акрамя міліцэйскага расьсьледаваньня, важная й пазыцыя прэсы, якая ёсьць рупарам грамадзтва і кіраўніцтва. Асуджэньне зь яе боку вельмі спрыяе выкараненьню падобных зьяваў”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе глеба для такіх праяваў у Беларусі? Раней Вы казалі, што на дзяржаўным роўні тут антысэмітызму няма. Адкуль гэта ўсё бярэцца?”

(Бэн-Ар’е: ) “Расьсьледаваньне павінна паказаць, з чым мы сутыкнуліся. Існуюць розныя вэрсіі. У мэдыях я бачыў заяву з крыніцаў КДБ. Згодна з ацэнкай КДБ, гаворка ідзе пра дзеяньні падлеткаў. І КДБ браць удзелу ў расьсьледаваньнях ня будзе.

Але тут існуе фактычны бок справы: у цэнтры Менску, ноччу, адначасна ў двух месцах, дастаткова маштабныя акцыі. У мэмарыяльным комплексе знайшлі ўлёткі. Пры ўсёй іхнай мярзотнай сутнасьці, яны сфармуляваныя дастаткова прафэсійна. З выкарыстаньнем лексыкі, што прынятая ў нацыяналістычных колах. Акрамя таго, сьледчы, гэтак жа як лекар, павінен спачатку разгледзець самыя цяжкія варыянты — і потым толькі перайсьці да больш лёгкіх.

Таму гэткі падыход не зьяўляецца эфэктыўным у барацьбе з падобнымі зьявамі. Расьсьледаваньне пакажа: ці гэта нейкая сфармаваная групоўка, ці гэта дзеяньні пэўных асобаў”.

(Карэспандэнт: ) “Нядаўна кіраўнік Беларусі наведаў з афіцыйным візытам Іран. Нагадаем, прэзыдэнт Ірану раней заяўляў, што Ізраіль “трэба сьцерці з твару зямлі”. Беларуска-іранскія кантакты актывізуюцца на тле крызісу, зьвязанага зь ядзернай праграмай Ірану. Ці Вас гэта непакоіць?”

(Бэн-Ар’е: ) “Кожная дзяржава мае права разьвіваць сваю замежную палітыку адпаведна мэтам, якія яна ставіць. З аднаго боку, гэта ўсё правамерна. Але з другога боку, нашу заклапочанасьць выклікае заява прэзыдэнта Ірану аб фізычным зьнішчэньні Ізраілю й адмаўленьне галакосту-катастрофы. У Беларусі, якая цяжка пацярпела ў Другую ўсясьветную вайну, такую пазыцыю адносна габрэяў і гэтай страшнай катастрофы няможна падзяліць і прыняць”.

(Карэспандэнт: ) “Разам з тым, афіцыйны Менск ускосна падтрымлівае ядзерную праграму Ірану, якая, на ягоны погляд, мае мірны характар…”

(Бэн-Ар’е: ) “Як кажуць кіраўнікі Ірану, любая зброя, улучна, ня дай Бог, зь ядравай, будзе скіраваная найперш супраць Ізраілю. Зразумела, нас хвалюе пытаньне ядравай праграмы Ірану. Мы вельмі апасаемся, што за праграмамі мірнага дасьледаваньня й выкарыстаньня ядравай энэргіі могуць існаваць пляны Ірану адносна вытворчасьці ядравай зброі. Таму мы падтрымліваем намаганьні кантраляваць гэтую праграму Ірану. А калі Іран адмаўляецца, то мы выступаем за спыненьне ядзерных дасьледаваньняў, якія пагражаюць Ізраілю і ўсяму чалавецтву”.

(Карэспандэнт: ) “У мэдыях пісалі, што Беларусь гандлюе зброяй з такімі краінамі, як Іран, Ірак, Сырыя. Групоўка “Хізбала” ў Лібане падчас нядаўняга канфлікту скарыстала расейскія ракеты. Ці можа зброя трапляць у гарачыя пункты празь Беларусь?”

(Бэн-Ар’е: ) “Як трапляе высокатэхнічная зброя ў рукі тэрарыстаў — гэта праблема, якая вельмі хвалюе Ізраіль і ўвесь сьвет. Мы прадказвалі, што тэрор стане трагедыяй усяго чалавецтва. Таму ўсе зьвесткі пра магчымы продаж зброі ў краіны, якія не хаваюць сваёй мэты — зьнішчыць Ізраіль, а таксама падтрымліваюць тэрарыстаў, вельмі моцна нас непакояць. Гэная знойдзеная расейская зброя можа трапіць праз арабскія краіны, праз Сырыю і, напэўна, праз Іран.

Але гэта вельмі далікатныя пытаньні, якія мы абмяркоўваем і будзем абмяркоўваць зь беларускім кіраўніцтвам. Афіцыйнае гледзішча Беларусі вядомае. І мы будзем далей абмяркоўваць гэтыя пытаньні на палітычных кансультацыях і сустрэчах зь беларускім бокам. Гэта адна з тэмаў дачыненьняў Беларусі й Ізраілю — як і дачыненьняў Беларусі з многімі заходнімі краінамі”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы ацэньваеце ўнёсак Беларусі ў барацьбу з тэрарызмам?”

(Бэн-Ар’е: ) “Я не зусім разумею, што Вы маеце на ўвазе. Беларусь у вялікай ступені жыве ў сабе, сваімі інтарэсамі й сваім жыцьцём, са сваімі эканамічнымі цяжкасьцямі. І яе ўнёсак у барацьбу з тэрорам — гэта асуджэньне тэрору ўсіх праяваў, што й робіць беларускае кіраўніцтва. Падпісаньне і ўдзел у міжнародных канвэнцыях дзеля барацьбы з тэрорам — што і робіць беларускае кіраўніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы ацэньваеце цяперашні стан ізраільска-беларускіх дачыненьняў, наколькі яны інтэнсіўныя? Вы раней выказваліся, што трэба разьвіваць ізраільска-беларускія кантакты…”

(Бэн-Ар’е: ) “Для кантактаў патрэбная нейкая матэрыяльная, штодзённая база. Цяпер, дзякуй Богу, цалкам аднавілі дзейнасьць абедзьве амбасады. Наша ў Менску амаль два гады працавала без памяшканьня й апаратуры, што вельмі абмяжоўвала нашы магчымасьці. Цяпер мы Вас прымаем у новым, адрамантаваным будынку амбасады.

Таксама амбасадар Беларусі прыбыў у Тэль-Авіў і прыступіў да вельмі актыўнай працы. З чыста побытавых прычынаў было замаруджваньне ў разьвіцьці сувязяў. Цяпер мы ўсё робім, каб актывізаваць іх і на ўзроўні міністэрстваў замежных справаў, і на ўзроўні эканамічных кантактаў. Абмяркоўваецца шэраг буйных праектаў.

Тое ж тычыцца разьвіцьця культурных сувязяў. Спадзяюся, што напачатку новага году выйдзе першы пераклад прозы з іўрыту на беларускую мову. Я гэтаму надаю вельмі вялікае значэньне. Мы плянуем Дні Ізраілю. Мы сапраўды зацікаўленыя ў разьвіцьці эканамічных і культурных сувязяў зь беларускім народам”.

(Карэспандэнт: ) “Якія наступствы для дачыненьняў могуць мець апошнія праявы антысэмітызму?”

(Бэн-Ар’е: ) “На мой вялікі жаль, антысэміцкія, рэзкія праявы бываюць у розных краінах. Сам гэты інцыдэнт ня можа й не павінен паўплываць на разьвіцьцё дачыненьняў паміж дзяржавамі, калі кіраўніцтва краіны, дзе гэта адбылося, бескампрамісна асуджае такія праявы й робіць усё для пакараньня вінаватых і выкараненьня іх у будучым. Калі гэтак і будзе адбывацца — то мы саюзьнікі ў барацьбе з такімі праявамі”.

************************************** Зэеў Бен Ар’е нарадзіўся ў Харкаве ў сям’і дактароў, яго дзед быў рэпрэсаваны па так званай справе “урачоў-забойцаў”. У 1971-м годзе Бен Ар’е, тады 20 гадовы юнак, эміграваў у Ізраіль. Працаваў журналістам, займаўся перакладамі. Пазьней быў запрошаны на дыпляматычную працу, прадстаўляў Ізраіль у Кіеве і Маскве, у Менску ўзначаліў дыпляматычную місію ў 2004-м годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG