Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глябальнае пацяпленьне не перашкаджае сельскай гаспадарцы Беларусі


Ігар Карней, Менск У сталіцы Кеніі Найробі да 17 лістапада будзе праходзіць канфэрэнцыя ААН у справе зьмены клімату. Удзел у ёй бяруць прадстаўнікі 189 краінаў сьвету. Беларускія экспэрты ў Найробі не паехалі, абмежаваўшыся прадастаўленьнем статыстычнай інфармацыі, падрыхтаванай на просьбу арганізатараў. Разам з тым, у Беларусі на дзяржаўным узроўні канстатуюць: глябальнае пацяпленьне для асобных галінаў гаспадаркі мае больш станоўчых, чым адмоўных наступстваў.

Паводле прагнозаў навукоўцаў, падвышэньне тэмпературы можа спрычыніцца да паступовага зруху кліматычных зонаў у сьвеце, што пацягне за сабой глябальны экалягічны крызыс. Мяркуецца, што калі цягам бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў чалавецтва не зробіць неабходных захадаў дзеля абмежаваньня шкодных выкідаў у атмасфэру, якія выклікаюць так званы “парніковы эфэкт”, сярэдняя тэмпература на плянэце можа падвысіцца на 5 градусаў. Дагэтуль такі тэмпературны рост на Зямлі яшчэ не фіксаваўся.

Сябра экспэртнай рады ў праблемах зьмены клімату ў Рэспубліцы Беларусь Алена Камароўская на падставе дасланых на канфэрэнцыю ў Кенію дадзеных канстатуе: цягам апошняга часу ў краіне ўжо зафіксаваныя тэмпературныя рэкорды.

(Камароўская: ) “У сярэднім па Беларусі на 1,1 градусу зьмянілася сярэднегадавая тэмпература. Гэта шмат. Хоць, шчыра кажучы, для той жа сельскай гаспадаркі гэта добра, бо павялічваецца вегетатыўны пэрыяд, калі растуць і разьвіваюцца расьліны. Можа, у якойсьці ступені гэта нядрэнна і для камунальнай гаспадаркі, таму што меней энэргіі траціцца на ацяпленьне”.

Паводле спадарыні Камароўскай, адмоўныя бакі глябальнага пацяпленьня абумоўленыя ўсясьветнымі фактарамі. Перадусім, гэта ўсё большая непрадказальнасьць надвор’я, якое суправаджаецца глябальнымі паводкамі, тайфунамі, ураганамі, зямлятрусамі з цунамі і г.д. Паводле прагнозу Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, экстрэмальнасьць клімату будзе толькі набіраць моц.

Паводле кліматычнага індэксу зьмены надвор’я ў асобных краінах сьвету, Беларусь займае 37 месца. Паводле спэцыялістаў, гэта пазыцыя, якая неістотна саступае ўзятаму за аснову ўзроўню прымальнасьці кліматычных адхіленьняў. Шмат хто ў Беларусі такую сытуацыю лічыць надзвычай спрыяльнай. Так, былы міністар сельскай гаспадаркі, кіраўнік аграрнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Русы кажа: цягам 5-7 гадоў кліматычныя зоны з поўдня на поўнач Беларусі зрушыліся на 150 км. У сваю чаргу, гэта дазваляе вырошчваць культуры, якія дагэтуль лічыліся “не беларускімі”.

(Русы: ) “Ужо зараз у нас назіраецца даволі сур’ёзная стратэгія. Так, кукурузу засеялі на паўмільёну гэктараў. Цукровыя буракі цудоўны пачалі даваць ураджай – тры мільёны тон з лішкам будзе; канюшына, люцэрна. То бок, цеплалюбівыя культуры. І нашыя навукоўцы працуюць у гэтым кірунку. Кіраўнік дзяржавы яшчэ два гады таму зрабіў даручэньне: зьмянецца клімат, таму трэба адпрацоўваць новыя тэхналёгіі, прыстасоўваць тэхніку, культываваць новыя гатункі культураў, само вырошчваньне арыентаваць на ўмовы, якія складваюцца. Маўляў, усё трэба дасканала вывучыць, каб не ківаць потым то на засуху, то яшчэ на нешта”.

Аднак, згодна са справаздачамі замежных навукоўцаў, глябальныя зьмены клімату могуць мець куды больш катастрафічныя наступствы, чым лякальныя выгоды. Калі падвышэньне тэмпературы будзе адбывацца ў ранейшых прапорцыях, Зямлю можа зноў напаткаць ледніковы пэрыяд: рэзкае падвышэньне тэмпературы прывядзе да адтойваньня леднікоў, паводак на ўзьбярэжжах і спусташэньня земляў унутры кантынэнтаў.
XS
SM
MD
LG