Лінкі ўнівэрсальнага доступу

VoxPopuli: "Ад дзяржавы я нічога добрага не чакаю”


Радыё Свабода Чаго Вы чакаеце ад дзяржавы?Апытаньне на вуліцах Віцебску.

(Спадар: ) "Ад дзяржавы я нічога добрага не чакаю, бо дагэтуль нічога добрага ад яе ня бачыў — ад гэтае дзяржавы. Ні ў матэрыяльным , ні ў прававым пляне. Абсалютна!"

(Спадарыня: ) "Я спадзяюся толькі на сябе. Я ведаю, што калі я сама не зараблю сабе нейкія грошы, то ад дзяржавы я не дачакаюся ніякай дапамогі. І больш за тое: я не чакаю, і не хачу чакаць ніякай дапамогі ад дзяржавы! Я яшчэ ў тым стане, калі магу сама зарабіць на жыцьцё!"

(Бабуля: ) "Я атрымала пэнсію, 303 тысячы. І палічыла, што як заплачу за тэлефон, за тое, за іншае, — дык застаецца 30 тысяч рублёў на месяц! Дык чаго мне чакаць ад дзяржавы? Чакаю, што ўвогуле неўзабаве скажуць: "Пенсыянэрам зусім ня трэба даваць пэнсію, няхай дыхаюць паветрам — там усе неабходныя для жыцьця элемэнты ёсьць!"

(Спадар: ) "Нічога добрага не чакаю. 12 апошніх гадоў спалі ў шапку, а цяпер за гэта трэба плаціць. Жыць будзе вельмі цяжка! І ў колькі разоў пагоршыцца жыцьцё, будзе наўпрост залежаць ад таго, колькі будзе каштаваць паліва — газ і нафта".

(Дзяўчына: ) "Добрага не чакаю. Наша дзяржава знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, але чамусьці сямімільнымі крокамі сыходзіць ад яе. Усё больш глядзіць на азіяцкі Усход, а не ў бок эўрапейскай цывілізацыі. Такім чынам у нас неўзабаве колькасьць кітайскага насельніцтва перавысіць уласнае, карэннае, нацыянальнае! Таму нейкага пазытыву цяжка нават чакаць".

(Спадар: ) "Апошнім часам зусім няма чаго чакаць. Калі б у нас быў эканамічны ўздым, дык гэта ўсім было б відавочна. На вялікі жаль, гэта не назіраецца — мы толькі валімся ўніз ды валімся".

(Спадарыня: ) "Ад нашае дзяржавы я ўжо не чакаю ніякіх сацыяльных дабротаў. Кватэры ў нас ужо даўно не даюць, а што да мяне асабіста... Я чакаю, што яна як і раней будзе плаціць бюджэтнікам заробак. А больш мне чакаць ад дзяржавы няма чаго!"
XS
SM
MD
LG