Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Транспарт працуе дрэнна, хоць чыноўнікі рапартуюць пра стандарты”


Міхал Стэльмак, Менск Дзень пасажыра – сьвята, якое ў Беларусі афіцыйна не зацьверджанае. Колькі ў Беларусі маршрутаў грамадзкага транспарту? Ці танны ў Беларусі праезд? Ці задаволеныя пасажыры сэрвісам?

Паводле Міністэрства транспарту Беларусі, аўтобусная сетка – гэта амаль шэсьць тысячаў маршрутаў. Чацьвёртая частка зь іх –маршруты гарадзкога транспарту.

У Менску перавозкай пасажыраў займаецца дзяржаўнае прадпрыемства “Сталічны транспарт і сувязь”. Распавядае прадстаўнік прадпрыемства Віталь Арлоў:

(Арлоў: ) “Паступова працуем над паляпшэньнем транспартнага абслугоўваньня насельніцтва. Паляпшэньне графіку руху, новы рухомы склад. Шмат якіх дасягненьняў маем мы, шмат чаму трэба вучыцца ў нашых замежных калег. Тэхнічнаму ўзроўню разьвіцьця галіны, арганізацыі руху, абсталяваньню на вуліцах і дарогах. У іх высокі ўзровень аўтаматызацыі руху і кіраўніцтва рухомым складам”.

Паводле спадара Арлова, кошт праезду пасажыра ў грамадзкім транспарце Менску ў 7-8 разоў таньней, чым у эўрапейскіх сталіцах.

Ня ўсе пасажыры задаволеныя, як працуе грамадзкі транспарт. Некаторыя скардзяцца ў грамадзкую арганізацыю “Абарона спажыўца”. Гаворыць юрысконсульт арганізацыі Юры Пералоскаў:

(Пералоскаў: ) “Розныя звароты ёсьць. Прычыненьне шкоды ў транспарце. Ёсьць у нас справа: выстраліла кола ў аўтобуса, жанчыне прычынены фізычная шкода. Мінтранс адмовіўся задавальняць патрабаваньні. Быў зварот з пазовам у суд”.

Прадстаўніца адзьдзелу транспарту й сувязі Магілёскага абылвыканкаму Натальля Зароўская прызнае, што нараканьняў на працу грамадзкага транспарту хапае. Разам з тым, спадарыня Зароўская падае прыклады, як Міністэрства транспарту дбае пра пасажыраў.

(Зароўская: ) “Пасажырскія перавозкі заўсёды былі стратнымі. Сёлета ў нас вельмі вялікае абнаўленьне транспарту. Таму што ёсьць даручэньне прэзыдэнта, каб ня менш 10 працэнтаў. А мы сёлета абнавілі на 17. 5 працэнта”.

Пэнсіянэр Віктар Дашкевіч жыве ў вёсцы Калодзезнае Капыльскага раёну. Вось ягоны аповед пра працу транспарту ў правінцыі.

(Дашкевіч: ) “Транспарт працуе дрэнна. Хаця нашы чыноўнікі рапартуюць, што яны выконваюць прыдуманыя сацыяльныя стандарты мінімальныя па транспартным абслугоўваньні. Каб даехаць у Капыль на адлегласьць 10 кілямэтраў, то мне трэба праехаць на гэтым маршруце 28 кілямэтраў замест дзесяці. А назад мне трэба ісьці пехам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG