Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Данільчык: “Веру, што ня толькі Беларусь неабходная мне, але і я неабходная Беларусі”


Радыё Свабода Аксана Данільчык – удзельніца перадачы “Ў што я веру?”

Наша рэчаіснасьць запоўненая хутчэй ідаламі, чым ідэаламі і таму, напэўна, прасьцей распавесьці, у што я ня веру. Але пытаньне веры – пытаньне духоўнае, адказ на яго фарміруецца ў нашай духоўнай прасторы і дапамагае існаваць у гэтай самай рэчаіснасьці.

Я доўгі час дасьледавала гісторыю ХХ стагодзьдзя, у прыватнасьці, пэрыяд Другой сусьветнай вайны. Пасьля такой працы цяжка заставацца аптымісткай. Але ці даказвае Асвэнцым адсутнасьць Бога? Я думала пра гэта, і прыйшла да высновы, што Асвэнцым даказвае прысутнасьць д’ЯБЛА, а вось тое, што зямля ўсё ж такі не ператварылася ў суцэльны Асвэнцым, і даказвае, што Бог ёсьць. І я ў гэта веру. Веру таксама, што кожны чалавек мае права на уласнае разуменьне Бога, калі пры гэтым ён не парушае дзесяць запаведзяў. Веру ў тое, што адрознасьць канфэсій ня ёсьць перашкодай для паразуменьня, наадварот – гэта магчымасьць для ўзаемнага духоўнага ўзбагачэньня.

Маё дзяцінства было напоўненае фарбамі і гукамі роднай зямлі, любоўю людзей, якія адышлі назаўсёды і больш нічога пра сябе не раскажуць, не перададуць сваё веданьне жыцьця, сваю мову з усімі яе асаблівасьцямі далей, у будучыню. Значыць, гэта павінны рабіць мы. Мы павінны абараніць сваіх продкаў, родных і няродных, іх памяць. На працягу ХХ ст. Беларусь існавала, дзякуючы намаганьням розных людзей, многія зь якіх заплацілі за яе жыцьцём.

Калі я думаю пра трыццатыя гады, пра ўзвышэнцаў, то разумею, што пра гэта неабходна гаварыць. Веру, што памяць тых, хто нявінна загінуў, будзе належным чынам ушанаваная, а менскія вуліцы будуць насіць іх імёны. Веру – савецкая рэчаіснасьць нарэшце спыніць сваё існаваньне і на тэрыторыі Беларусі, і людзі пачнуць глядзець наперад, а не назад. Гэта непазьбежна.

Я веру, што дабро неабходна рабіць дзеля самога дабра, а дзяцей любіць проста за тое, што яны ёсьць на сьвеце. Веру, што жыцьцё – гэта найвялікшая каштоўнасьць. Веру, што мэта не апраўдвае сродкі, але ведаю, што часта лёс мацнейшы за чалавека.

Я веру, што па-сапраўднаму мудрыя людзі умеюць дараваць. Веру, што можна пазьбегнуць зайдрасьці і крыўды, выхоўваючы любоў. Веру, што дабро вяртаецца. Веру, што чалавек павінен служыць свайму прызначэньню, не спэкулюючы ім. Асабліва гэта датычыцца творчасьці. Веру, што стымулам творчасьці павінна быць магчымасьць самарэалізацыі, а не дасягненьне славы. Ня ведаю, ці выратуе сьвет прыгажосьць, але я веру, што прыгажосьць дапаможа сьвету выратавацца.

Веру, што каханьне ёсьць, але сэнс чалавечага жыцьця значна глыбейшы. І таму неабходна верыць у саміх сябе, выхоўваць гэтую веру, якая падтрымае, калі каханьне цябе пакіне. Веру, што чалавек народжаны для шчасьця, але, на жаль, ня ведаю, як зрабіць шчасьлівымі усіх. Веру, што да гэтага трэба імкнуцца. Веру ў неабходнасьць таго, што я раблю, хоць іншым разам не абыходзіцца і без расчараваньняў. Веру ў тое, што пазытыўная энэргія не зьнікае. Не зважаючы на магчымасьці жыць у іншых краінах, я хачу жыць тут і веру, што ня толькі Беларусь неабходная мне, але і я неабходная Беларусі. Ведаю, што калі-небудзь мяне ня стане, але веру, што застанецца Беларусь з адзінай дзяржаўнай мовай, той самай, што запісана – адзіная – у вайсковым білеце майго дзеда. Беларускай мовай.

Веру, што мусульмане і хрысьціяне, крышнаіты, іўдзеі і ўсе-ўсе-ўсе насельнікі нашай плянэты зразумеюць, што ў першую чаргу яны – людзі, і нашым дзецям будзе утульна на зямлі.

Аксана Данільчык – літаратар. Аўтар паэтычнага зборніка “Абрыс Скарпіёна”, кніжкі вершаў для дзяцей “Павуцінка на агрэсьце”. Перакладае зь італьянскай мовы, дасьледуе італьянскую літаратуру. Кандыдат філялягічных навук. Любіць матылёў і “Amaretto di Saronno”.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
XS
SM
MD
LG