Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У касьцёлах зьбіраюць подпісы за ксяндза-рэдактара


Сяргей Астраўцоў, Горадня У гарадзенскіх касьцёлах пачалі зьбіраць подпісы за тое, каб улады працягнулі на наступны год візу ксяндзу-пралату Яраславу Грынашкевічу, які рэдагуе каталіцкую газэту “Слова жыцьця”. Агляд сытуацыі з рэлігійнымі выданьнямі ў Беларусі падрыхтаваў карэспандэнт Свабоды.

Сёньня ў Беларускім праваслаўным экзархаце выходзяць 15 друкаваных выданьняў, ёсьць 10 тэле- і радыёпраграмаў. Тры гады існуе дамова аб супрацоўніцтве паміж царквой і міністэрствам інфармацыі.

Каталіцкі касьцёл мае менш пэрыядычных выданьняў: 7 часопісаў і бюлетэняў і адзіную газэту — гарадзенскае “Слова жыцьця”.

Ксёндз Яраслаў Грынашкевіч прыехаў з Польшчы, ён ад самага пачатку займаўся выданьнем каталіцкай газэты, першы нумар якой выйшаў 1 сакавіка 1997 году. У рэдакцыі мне паведамілі наступнае:

(Спадарыня: ) “Гэта ўжо не сакрэт, што ён апынуўся ў тым сьпісе зь сямі ксяндзоў, каму не працягнулі візы. Але подпісы цяпер зьбіраюць канкрэтна за яго”.

Супрацоўніца газэты сказала, што чытачы прынесьлі сабраныя подпісы ў рэдакцыю, і што ксёндз Грынашкевіч яшчэ выкладае ў каталіцкай сэмінарыі італьянскую мову. Між іншым, калі ў касьцёле зьбіралі подпісы, я пацікавіўся ў адной верніцы — чаму яна не захацела падпісацца? Яна адказала: таму, што ўлады высылаюць польскіх ксяндзоў, каб зьменшыць палянізацыю…

А вось меркаваньне берасьцейца Ігара Бараноўскага, які рэгулярна атрымлівае і чытае гарадзенскае “Слова жыцьця”. Ён лічыць, што калі ўлады вырашылі не працягнуць візу ксяндзу Грынашкевічу, наўрад ці дапамогуць подпісы чытачоў.

(Бараноўскі: ) “Трэба грунтоўна пашукаць, які артыкул мог не спадабацца ўладам. Яны нейк крытычна выказаліся ў газэце, калі было пахаваньне Яна Паўла ІІ. Потым быў адзін артыкул у такім прапольскім духу, што, як мне здалося тады, гэта магло выклікаць незадавальненьне ўладаў“.

Сам спадар Бараноўскі дзесяць гадоў займаецца выпускам рэлігійнага квартальніка “Унія”, які распаўсюджваецца па падпісцы праз “Белсаюздрук”. Адказным рэдактарам зьяўляецца айцец Андрэй Крот з Горадні, а спадар Бараноўскі — выпускаючы рэдактар.

(Бараноўскі: ) “Наклад апошніх двух нумароў падняўся — 7200 асобнікаў, 7500 наступны, напэўна, будзе. А раней трымалася стабільна 1800-1900. Мне цяжка сказаць, чаму адбыўся такі скачок за апошнія паўгоду, колькасьць падпісчыкаў павялічылася — іх прыблізна 6000. Мы таксама дасылаем нашую газэту ва ўсе грэка-каталіцкія парафіі”.

Ігар Бараноўскі гаворыць: ім прыемна, што чытачы цікавяцца “Уніяй”, знаёмяцца з поглядамі грэка-каталікоў на хрысьціянскую еднасьць у Беларусі. Aпошні нумар “Слова жыцьця”.
XS
SM
MD
LG