Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрацоўныя – гэта тыя, хто могуць пражыць на 20 $


Уладзімер Глод, Менск Урад Беларусі чарговым разам разгледзеў праблемы занятасьці насельніцтва. Плянуецца і надалей павялічваць узровень занятасьці, прыцягваць да эканамічнай дзейнасьці незанятых грамадзянаў... Чыноўнікі спадзяюцца, што рэалізацыя гэтых захадаў дапаможа утрымаць узровень беспрацоўя "ў сацыяльна дапушчальных межах -- 1,5-2 %".

Чым лепш ідуць справы ў эканоміцы, тым менш беспрацоўных, адзначалася на нарадзе. Таму шмат казалі пра неабходнасьць памяншэньня колькасьці стратных прадпрыемстваў. Намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка:

(Старчанка: ) "Важнейшай задачай для нас, канешне, застаецца фінансавае аздараўленьне прадпрыемстваў. За апошні час мы значна прасунуліся ў справе зьніжэньня стратнасьці. Цяпер мы маем 14,8% стратных прадпрыемстваў. Праўда, я лічу, што гэта паказчык па-ранейшаму дастаткова высокі. Але ёсьць значныя зрухі ва ўсіх галінах".

Аднак дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі цьвердзіць, што ў ягонай Кобрынскай акрузе справы ідуць наадварот – ня ў лепшы, а ў горшы бок:

(Кучынскі: ) "Такім чынам, ільнозавод – працуе ліквідацыйная камісія. Прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці – ледзьве ногі цягаюць. Прыкладам, у швачак заробкі дзесьці да 200 тысяч. Інструмэнтальны завод – развальваецца. Завод па вытворчасьці кансэрваў – практычна стаіць. 50% прадпрыемстваў гораду – разваленыя".

Між тым, афіцыйная статыстыка цьвердзіць: узровень беспрацоўя складае ўсяго 1,3% працаздольнага насельніцтва, на ўліку ў дзяржаўнай службе занятасьці толькі 56,4 тысячы беспрацоўных.

Эканаміст Кастусь Скуратовіч падкрэсьлівае: патрэбна правесьці мяжу паміж паняцьцямі "працаўладкаваньне" і "беспрацоўе":

(Скуратовіч: ) "Палова прадпрыемстваў стаіць, але ж людзі трымаюць там свае працоўныя кніжкі. І афіцыйна лічыцца, што яны занятыя. А насамрэч яны – непрацаўладкаваныя, паколькі занятасьць мае эканамічны сэнс толькі тады, калі яна дае магчымасьць зарабіць сабе на жыцьцё. Эфэкт ёсьць тады, калі ёсьць карысьць для дзяржавы, каб было з чаго плаціць падаткі, і для самога працаўніка.

Ва ўсім сьвеце ўзровень беспрацоўя падлічваецца так: праводзяцца апытаньні ў хатніх гаспадарках і выяўляецца, хто ня мае працы, але яе шукае. І гатовы прыступіць да працы цягам тыдня, калі праца будзе прадстаўленая. А ў нас жа плацяць $20 па беспрацоўю. І хто ўжо настолькі замучаны, што ніяк ня можа без гэтых грошай, і дапаўзае да біржы працы, ён і трапляе ў разрад беспрацоўных".
XS
SM
MD
LG