Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бібліятэкараў угаворваюць прыняць у дар творы Быкава


Радыё Свабода Надрукаваныя і прывезеныя з Расеі ў Менск чарговыя тры тамы Поўнага збору твораў Васіля Быкава. Выдадзеныя чацьверты, пяты і шосты тамы, і бліжэйшым часам кнігі будуць бясплатна перададзеныя ў бібліятэкі краіны.

Беларускія дзяржаўныя выдавецтвы, не сакрэт, Быкава ігнаруюць. Яшчэ пры жыцьці Васіля Ўладзімеравіча выдавецтва "Мастацкая літаратура" заплянавала выдаць васьмітомнік народнага пісьменьніка. Так і ня выдала.

Грамадзкая ініцыятыва «Воля народу» пры ўдзеле Саюзу беларускіх пісьменьнікаў тры гады таму выступіла з ініцыятывай выдаць поўны 14-томны збор твораў Быкава. Каардынатарам некамэрцыйнага праекту стаў Аляксандар Казулін. Выдае збор твораў маскоўскае выдавецтва “Время”, а друкуюцца кнігі ў Екацерынбургу. Першыя тры тамы паўтара году таму разьвезеныя па бібліятэках краіны, зараз на чарзе – яшчэ тры тамы. Пра далейшыя пэрспэктывы збору твораў распавядае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Зараз зьбіраюць грошы на сёмы том. Як зьбяруць грошы, выйдзе сёмы том. Ну а далей – нічога не вядома. Калі выйдзе сёмы том, то фактычна ў зборы твораў будзе ўся проза Быкава. Бо ў астатніх тамах плянавалася выдаць ягоныя малюнкі, перапіску, лісты розныя. Выдавец хоча любым коштам грошы сабраць і выпусьціць хаця б сёмы том. Бо пакуль Казулін у турме, усё спынілася, бо ён шукаў спонсараў, грошы”.

Самае дзіўнае, што ініцыятары некамэрцыйнага праекту пастаянна сутыкаюцца з праблемай распаўсюду кніг. Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі адмовіліся бясплатна прыняць поўны збор твораў Васіля Быкава і распаўсюдзіць праз бібліятэчны калектар. І таму даводзіцца ня толькі шукаць грошы, займацца выдавецкімі справамі, але яшчэ і ўгаворваць бібліятэкі прыняць дар, кажа Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Адны баяліся, другія не баяліся. Адным словам, гэтыя тамы па бібліятэках разышліся. У Лідзкім раёне, напрыклад, усе бібліятэкі ўзялі, я гэта ведаю дакладна. У кожным раёне па-свойму: у адным баяцца, у другім “дзякуй” кажуць. У кожным жа раёне сваё начальства! Што ў адным раёне добра, то ў другім кепска”.

Мы патэлефанавалі ў адну з лідзкіх бібліятэк, паразмаўлялі з бібліятэкаркай.

(Карэспандэнтка: ) “Вы атрымалі кнігі Быкава?”

(Бібліятэкарка: ) “Так-так, атрымалі!”

(Карэспандэнтка: ) “А попытам яны карыстаюцца?”

(Бібліятэкарка: ) “Так, карыстаюцца, асабліва ў студэнтаў. “Знак бяды” асабліва часта пытаюцца, “Сотнікаў”, “Жураўліны крык”, “Мёртвым не баліць”.

Такім чынам, творы Быкава запатрабаваныя чытачамі. Выдаўцы спадзяюцца, што ўсе заплянаваныя і падрыхтаваныя 14 тамоў будуць выдадзеныя.
XS
SM
MD
LG