Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі транспарт: кандыцыянэр і кожнаму месца для сядзеньня


Ганна Соўсь, Прага 14 лістапада – Усясьветны дзень пасажыраў. Як працуе грамадзкі транспарт у розных краінах сьвету? Наколькі ён даступны і ці забясьпечвае патрэбы пасажыраў? Як мясцовыя ўлады спрабуюць заахвоціць людзей карыстацца грамадзкім транспартам?

Паводле вынікаў апытаньня, якое нядаўна праводзілася сярод турыстаў усяго сьвету, горадам з найлепшай у сьвеце транспартнай сыстэмай быў прызнаны Лёндан. Амаль палова апытаных заявіла, што галоўнае ў сыстэме грамадзкага транспарту – гэта магчымасьць даехаць у любое месца, і такую магчымасьць дае ім лёнданскае мэтро, першая лінія якога была заснаваная яшчэ ў 1863 годзе.

А вось у Злучаных Штатах нарматывы працы грамадзкага транспарту патрабуюць абавязковага ўстанаўленьня кандыцыянэраў, і нормай лічыцца забесьпячэньне кожнага пасажыра месцам для сядзеньня.

Усясьветная практыка сьведчыць, што грамадзкі транспарт здольны справіцца з масавымі перавозкамі пасажыраў фактычна пры любой магчымай іх колькасьці. І выхад тут толькі адзін – стварэньне выдзеленых палосаў для руху грамадзкага транспарту. І любыя выпадковыя заезды асабістага транспарту на гэтыя палосы павінны жорстка карацца.

У якасьці прыкладу можна прывесьці Кітай. Праблема затораў ужо ахапіла Пэкін, і ўлады выдзелілі жоўтыя палосы толькі для грамадзкага транспарту, “хуткай дапамогі”, пажарных і дыпляматычных аўтамабіляў. Пасьля трэцяга заезду на жоўтую паласу ўладальніка асабістага аўтамабіля папросту высяляюць з Пэкіну.

Галоўная адметнасьць транспарту большасьці эўрапейскіх гарадоў – ён ходзіць дакладна паводле раскладу. Расклад і маршруты вывешваюцца на кожным прыпынку, і можна дакладна расплянаваць свой час, паколькі аўтобусы ходзяць літаральна хвіліна ў хвіліну. А, напрыклад, у амэрыканскім Сіетле можна сплянаваць сваю паездку на грамадзкім транспарце пры дапамозе спэцыяльна распрацаванай кампутарнай праграмы вэб-сайту акруговага дэпартамэнту транспарту.

У брытанскім горадзе Нью-порце, дзе больш за 80 працэнтаў паездак па горадзе адбываюцца на ўласных аўтамабілях, мясцовыя ўлады прапанавалі жыхарам аддаць уласнае аўто ва ўтыль і атрымаць наўзамен гадавы праязны квіток на аўтобусы і электрычкі. Але ж на ініцыятыву гарадзкіх уладаў адгукнуліся толькі пяць чалавек. Адзін зь іх здаў на звалку “Вольва-740” 1990 году выпуску, паколькі палічыў, што яму больш спатрэбіцца бясплатны праязны на цягнік, чым стары аўтамабіль, які да таго ж часта патрабуе рамонту.

Няўдала скончылася спроба ўладаў Вільні перасадзіць жыхароў гораду на ровары. Некалькі гадоў таму мэр Вільні Артурас Зуокас за кошт гарадзкога бюджэту закупіў 500 ровараў, і ўсе яны былі пастаўленыя на тэрыторыі старога гораду з тым, каб людзі карысталіся імі ў яго межах абсалютна бясплатна. За гэтую ініцыятыву мэра моцна крытыкавалі, паколькі ўжо на наступны дзень засталося ўсяго некалькі ровараў, астатнія былі скрадзеныя.

Што да іншых краінаў Эўразьвязу, то найчасьцей карыстаюцца грамадзкім транспартам жыхары Латвіі. Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньня, праведзенага ў рамках эўрапейскага сацыялягічнага праекту Eurobarometr. Летась мясцовым грамадзкім транспартам карысталіся 80 працэнтаў жыхароў Латвіі, тады як у сярэднім у краінах Эўразьвязу – каля 57 працэнтаў.
XS
SM
MD
LG