Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзень пасажыра: ці задаволеныя ў Беларусі транспартам?


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня – Дзень пасажыра, аднак у Беларусі такое сьвята афіцыйна не зацьверджанае. Колькі ў Беларусі маршрутаў грамадзкага транспарту? Ці танны праезд у параўнаньні зь іншымі краінамі Эўропы? Ці задаволеныя пасажыры сэрвісам? Адказаў на гэтыя пытаньні шукаў наш карэспандэнт.

Паводле Міністэрства транспарту Беларусі, аўтобусная сетка – гэта амаль шэсьць тысяч маршрутаў. Чацьвёртая частка зь іх – маршруты гарадзкога транспарту.

У Менску перавозам пасажыраў займаецца дзяржаўнае прадпрыемства “Сталічны транспарт і сувязь”. Расказвае прадстаўнік прадпрыемства Віталь Арлоў:

(Арлоў: ) “Паступова працуем над паляпшэньнем транспартнага абслугоўваньня насельніцтва. Паляпшэньне графіку руху, новы рухомы састаў. Шмат якіх дасягненьняў маем мы, шмат чаму трэба вучыцца ў нашых замежных калег. Тэхнічнаму ўзроўню разьвіцьця галіны, арганізацыі руху, абсталяваньню на вуліцах і дарогах. У іх высокі ўзровень аўтаматызацыі руху і кіраўніцтва рухомым саставам”.

Далёка ня ўсе пасажыры задаволеныя, як працуе грамадзкі транспарт. Некаторыя скардзяцца ў грамадзкую арганізацыю “Абарона спажыўца”. Гаворыць юрысконсульт арганізацыі Юры Пералоскаў:

(Пералоскаў: ) “Розныя звароты ёсьць. Прычыненьне шкоды ў транспарце. Ёсьць у нас справа: стрэліла кола ў аўтобуса, жанчыне прычынена фізычная шкода. Мінтранс адмовіўся задавальняць патрабаваньні. Быў зварот з пазовам у суд”.

Прадстаўніца аддзелу транспарту й сувязі Магілёўскага аблвыканкаму Натальля Зароўская прызнае, што нараканьняў на працу грамадзкага транспарту хапае. Разам з тым спадарыня Зароўская падае прыклады, як Міністэрства транспарту дбае пра пасажыраў.

(Зароўская: ) “Пасажырскія перавозкі заўсёды былі стратныя. Сёлета ў нас вельмі вялікае абнаўленьне транспарту. Таму што ёсьць даручэньне прэзыдэнта, каб ня менш за 10 працэнтаў. А мы сёлета абнавілі на 17,5 працэнта”.

Пэнсіянэр Віктар Дашкевіч жыве ў вёсцы Калодзезнае Капыльскага раёну. Вось ягоны аповед аб працы транспарту ў правінцыі.

(Дашкевіч: ) “Транспарт працуе дрэнна. Хаця нашы чыноўнікі рапартуюць, што яны выконваюць прыдуманыя сацыяльныя стандарты мінімальныя па транспартным абслугоўваньні. Каб даехаць у Капыль на адлегласьць 10 кілямэтраў, мне трэба праехаць на гэтым маршруце 28 кілямэтраў замест 10-і. А назад мне трэба ісьці пехам”.
XS
SM
MD
LG