Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: паміж нянавісьцю і любоўю


Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача сэрыі “Вострая брама”.

Пачну з таго, што я ня ведаю, што такое “Наша Ніва”. Магу толькі з пэўнасьцю сказаць, што гэта – не газэта. Газэты не перавыдаюцца праз сто гадоў, як гэта робіць цяпер з “Нашай Нівай” выдавецтва “Тэхналёгія”, і празь пяць эпох не чытаюцца зь першапачатковым захапленьнем. Так можна чытаць паэму або раман. Значыць, “Наша Ніва” – і ёсьць паэма ў форме газэты?

Газэты не даюць сваю назву эпохам, як гэта адбылося ў беларускай гісторыі, дзе пачатак дваццатага стагодзьдзя мы называем “нашаніўскаю парой”. Звычайна назвы эпохаў паходзяць ад імя, якое пранізвае ўсё жыцьцё народу наскрозь па гарызанталі і вэртыкалі – ад самае страшнае бяды да вышыняў культу. Урэшце, газэты не кананізуюцца, што на практыцы адбылося з “Нашаю Нівай”, імя якой для кожнага беларускага культурніка гучыць сьвята.

У прынятых сёньня стэрэатыпах “ніва” тлумачыцца як поле дзейнасьці або поле творчасьці. Так і ёсьць, калі толькі мы добра разумеем, што такое творчасьць і калі творчасьцю можна што-небудзь патлумачыць. Этымоляг Фасмэр, кажучы, што ніва – гэта поле, раскручвае нітку паходжаньня гэтага слова да значэньня ‘ніз’. Ніва – тое, што ўнізе. А беларускае слова нівеч, якое азначае ‘нішто’, дзякуючы гэтаму спалучэньню нівы і вечнасьці, прымушае згадаць вырай, а за выраем – рай. Новае неба і новая зямля, абяцанае адкрыцьцё і сьвятло ў канцы тунэлю для схаваных у вязьніцах, загнаных у падпольле, скручаных унутранай эміграцыяй прагных душ.

Вядома, што назва выданьня ўзятая зь верша Янкі Лучыны:

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя Прагляне ясна над нашай ніваю, І будуць жыці дзеткі патомныя Добраю доляй – доляй шчасьліваю!..

Аднак хто ведаў, што ўрэшце атрымаецца з задумы, пазначанай абрэвіятурай “НН”. Памятаеце, апостал Ян у Апакаліпсісе кажа пра Рай:

“І ўбачыў я Новае Неба і Новую Зямлю, бо першае неба і першая зямля зьніклі, і мора ўжо няма. І ўбачыў я сьвяты горад, Новы Ерузалем, які зыходзіў зь Неба ад Бога, як нявеста, убраная для мужа свайго [...]. І абатрэ Бог кожную сьлязінку з вачэй іх, і сьмерці ўжо ня будзе, ані плачу, ані галашэньня, ані болю ўжо ня будзе, бо гэта ўжо мінула” (Ап. 21, 1 – 4).

“Кінь вечны плач свой аб старонцы...” – напіша Максім Багдановіч у “Нашай Ніве”.

Нашы дасьледнікі і паэты заўсёды з пожадам глядзелі то на “Песьню пра Нібэлюнгаў”, то на “Калевалу”. Гэх, нам бы, беларусам, свой такі канцэнтраваны і ўсёабдымны, такі праніклівы і раскручаны нацыянальны эпас! Тады ніхто і ніколі не паставіць пад сумнеў сам факт таго, што мы ёсьць, што мы як усе і ня горшыя за іншых.

Найчасьцей эпасам называлі “Новую зямлю” Якуба Коласа – гэта значыць, што аўтару найлепшым чынам удалося зьдзейсьніць тое, што ён і задумляў, бо ён таксама глядзеў на “Калевалу” і на “Пана Тадэвуша” цёзкі-Міцкевіча. Але Коласу не пашанцавала з эпохай – ён выступіў тады, калі аўтарства ўжо стала фіксаванай інтэлектуальнай каштоўнасьцю і не дазваляла напісанаму табой абрынуцца ў акіян народнае творчасьці. Фармальныя літаратурныя прыёмы пры ўсім нежаданьні аўтара пераважылі тое, што называюць “кардыяграмай нацыі”. Але і апроч Коласа былі ахвочыя выканструяваць, выстылізаваць тое, што магло б называцца беларускім эпасам. Ці не апошнюю такую спробу рабіў Сяржук Сокалаў-Воюш, але і ў яго атрымаўся літаратурны твор.

“Нашу Ніву” дасьледнікі як эпас не разглядалі. Газэта сабе і газэта, хоць і вельмі важную ролю адыграла. То яе дробнабуржуазным выданьнем у сталінскія часы называлі, то рэвалюцыйна-дэмакратычным – пасьля, у часы рэабілітацыі. Так і жылі зь недаацэненай культурнай зьявай, з аднаго боку, і бяз так патрэбнае цэнтральнае зьявы культуры, з другога.

Адна з дэфініцыяў кажа: эпас – найбольш поўная і дакладная мадэль гістарычнай самаацэнкі народу. Другая дадае: у часы заняпаду эпас абуджае нацыянальную самасьвядомасьць і спрыяе фармаваньню нацыі. Зрэшты, я адмыслова перачытаў шмат розных азначэньняў нацыянальнага эпасу, і ўсе цалкам надаваліся як азначэньне “НН”. Найважнейшае – у эпасе і праз стагодзьдзі мы знаходзім адказы на запыты дня сёньняшняга.

Трэба дадаць – і ўчорашняга таксама. Напрыклад, шматлікія карэспандэнцыі з судовых працэсаў у гарадах і мястэчках нашаніўскае Беларусі – нібы жывыя фрагмэнты сярэднявечных мэтрыкаў Вялікага Княства Літоўскага: тыя самыя калізіі, прозьвішчы і праявы тэмпэрамэнту, хоць ты адсюль бяры і ўстаўляй туды, ці адтуль – сюды, – ляжа зусім арганічна.

У нацыянальнага эпасу – таямнічае ці, дакладней, фэнамэнальнае паходжаньне. Як і ў фальклёру, які таксама ёсьць у сукупнасьці – эпас. Але як гаварыць пра таямнічае або фэнамэнальнае паходжаньне – газэты? Былі ж у яе канкрэтныя заснавальнікі і аўтары, дата выхаду ў сьвет – і з гэтым поўная яснасьць. Але гэта толькі бачныя бакі справы. Па-першае, нарадзілася “НН” у эпоху мадэрнізму, таму, калі хочаце, гэта мадэрны эпас. А па-другое, ні прозьвішчы стваральнікаў, ні даты ці іншыя факты самі па сабе не тлумачаць нам, чаму газэта ператварылася ў паэму.

Перадумовай таго, што так сталася, была пачынальніцкая роля “НН” і яе заснавальнікаў. Практычна ўсё, што рабілася, рабілася з нуля. Пры гэтым не стаяла мэта – стварыць газэту. Газэта павінна была стварыць Беларусь – краіну і сучасную нацыю. Падобна як Ленін сваю “Іскру” называў рыштаваньнем партыі, так і “Наша Ніва” мусіла стаць рыштаваньнем жывога мэтафізычнага арганізму – Беларусі.

Калі ў 1991-м годзе мы зь сябрамі пераехалі ў Вільню, каб пачаць тут рабіць адноўленую газэту, я таксама ня ведаў, што гэта такое – “Наша Ніва”, як ня мог і ацаніць таго, што ў нас атрымлівалася. Магу толькі з пэўнасьцю сказаць, што гэта была безаглядна натхнёная творчасьць. Цяпер я разумею, што мы спрабавалі патрапіць у гэты самы рытм спрадвечнае нацыянальнае кардыяграмы і дыхаць у тахт. Нічога не рабілася паводле нейкага вызначанага абавязку, над намі не дамінавалі законы жанру або палітычная каньюнктура, нічога не было рутынай... І гэта не была газэта.

* * *

Усё пачалося з царскага ўказу аб адмене “ўсялякіх абмежаваньняў адносна ўжываньня мясцовых моваў”. Гэта было штосьці падобнае да гарбачоўскай перастройкі і галоснасьці. Адкрылася брама турмы, у якой сядзелі нацыянальныя культуры.

Кароткі досьвед радыкальнае “Нашае Долі”, зь якой пачалі браты Луцкевічы ў 1906 годзе, паказаў яе стваральнікам, што змагацца з царскім рэжымам – справа, вядома, прагрэсіўная, але малапэрспэктыўная. Кінуць бомбу ў цара альбо падняць сялян на бунт – гэта ўжо праходзілі іхныя папярэднікі. Але бяз выніку. Ініцыятары першай беларускай газэты Іван і Антон Луцкевічы дэкляравалі сацыялістычныя погляды, але былі людзьмі шырокага кругагляду і здаровага авантурызму. Аўтарытарны рэжым нельга перамагчы тады, калі ты заб’еш цара альбо падымеш бунт і пасееш усеагульную дэструкцыю. Таму што галоўнае апірышча рэжыму – народная цемната, якая ад кінутай табою бомбы не прасьвятлее. Вось чаму інструмэнтам змаганьня з аўтарытарызмам павінна стаць не рэвалюцыя, а – пабудова сучаснае нацыі.

Нічога ўнікальнага ў гэтай беларускай сытуацыі не было. Гэтаксама паўставалі побач літоўцы, якія нічым не нагадвалі старажытную Жмудзь, альбо палякі – зусім непадобныя ў новым сьвеце рэінкарнацыі колішніх гістарычных народаў-фігурантаў. Як тыя ж сучасныя італьянцы быццам нічым не нагадваюць старажытных рымлянаў. Можа быць, толькі адна нацыя, якая пачала стварацца пазьней за іншых, захавала свой першапачатковы вобраз да нашых дзён. Маю на ўвазе ЗША. Амэрыканцы пачалі фармавацца пазьней за эўрапейцаў, але фармаваліся ад пачатку ў СУЧАСНУЮ нацыю – паводле тых законаў, якія ў Эўропе запрацуюць пасьля. А ў выніку акажацца, што канстытуцыя самых маладых – амэрыканцаў – сёньня самая старая ў сьвеце.

Луцкевічы разумелі або вычувалі гэткую сутнасьць гістарычнага працэсу. Таму яны адмаўляюцца ад радыкальнай “Нашай Долі” і пачынаюць выдаваць “Нашу Ніву”. Іх сучасьнікі былі ўражаныя такой мэтамарфозай. Здавалася, што не Луцкевічы вядуць сваю справу, а што гэта справа ў нейкі момант павяла іх саміх. Нехта з раманістаў-клясыкаў казаў пра свой творчы працэс: мне важна выпісаць абстаноўку і герояў, а там яны ўжо пачынаюць дзейнічаць і гаварыць самі – я толькі пасьпяваю за імі запісваць.

У сваіх успамінах Антон Луцкевіч называе “Нашу Ніву” органам Беларускай Сацыялістычнай Грамады – гэта значыць, партыйнай газэтай. Але тое, што мы трымаем у руках, у цэлым відавочна па-над палітыкай. Гэты фэномэн яшчэ ў часы “НН” патлумачыў у “Tygodniku Ilustrowanym” аналітык Войцех Бараноўскі:

“Перад намі, як бачым, зьява нечувана цікавая: перараджэньне рэвалюцыйна-грамадзкага руху ў рух нацыянальны. І гэтая трансфармацыя адбываецца незалежна ад волі яе ініцыятараў. Сацыялістычны агітатар ішоў “у народ” абуджаць нянавісьць да пана і пратэст супраць дзяржаўнага ўладкаваньня... Сеяў нянавісьць да іншых, а ўзышла зь яе любоў больш сьвядомая да сваіх”.

Іншымі словамі, інтэлектуалы і арыстакраты духу Луцкевічы мелі выбар: бунтаваць народ супраць уладаў ці будаваць нацыю, якая ўжо сама не захоча аўтарытарнага рэжыму.

Шукаючы адказу на запыты дня сёньняшняга, я часам міжволі згадваю гэтую цытату і думаю, ці не падказвае фэномэн “НН” нам сёньняшнім пэўны шлях з той сытуацыі, у якой мы апынуліся.

Першае, што прыходзіць у галаву – мясцовыя выбары, вакол якіх цяпер так шмат размоваў. Сто гадоў таму выбары былі адной з галоўных тэмаў “Нашае Нівы”. У нас аўтарытарная краіна – гэта кепска, і мы супраць гэтага. У нас Лукашэнка дыктатар – і мы таксама супраць гэтага. На месцах у нас сядзяць стаўленікі рэжыму. Але ў працэдуры мясцовых выбараў задзейнічаныя дзясяткі і сотні тысяч чалавек, галоўным чынам, дарэчы, зь мясцовай інтэлігенцыі. Ня могуць жа яны ўсе быць такімі адназначнымі ворагамі беларушчыны і дэмакратыі. Можа быць, тут якраз той выпадак, калі зь нянавісьці да рэжыму можа вырасьці сьвядомая любоў да сваіх? Можа быць, “сацыялістычны агітатар” мусіць пераацаніць сваё атачэньне і сваю непрымірымасьць, знайсьці тыя базавыя каштоўнасьці, якія ў яго і ў ягоных “ворагаў” – тыя самыя. Людзкасьць, дабрабыт, прыгажосьць... Зацыкленасьць толькі на нэгатыўных адносінах да рэжыму многіх сёньняшніх апазыцыянэраў саміх ператварыла ў хадзячы нэгатыў, зь якім ня хочуць ані вітацца, ані мець нічога агульнага. Бо бальшыню паўсюль складаюць у прынцыпе нармальныя людзі. І нават калі яны недастаткова адукаваныя ці недастаткова празарлівыя і адважныя, іх базавая жыцьцёвая праграма складаецца з пазытыўных памкненьняў. Проста сярод іх павінны зьяўляцца пазытыўныя людзі, пры тым больш адукаваныя, празарлівыя і сьмелыя. Лукашэнка можа кіраваць яшчэ доўга, і галоўная задача – каб грамадзтва за гэты час рабілася ня ўсё менш, а ўсё больш гатовым жыць нармальна, па-людзку, дэмакратычна, якасна, прыгожа.

Немагчыма ўявіць сабе, каб “Наша Ніва” разглядала варыянт байкоту. Па-першае, яна не пачувалася настолькі моцнай, каб верыць, што байкот удасца. А па-другое і галоўнае, гэта быў яе народ, які мусіў вучыцца падставам самакіраваньня, а не ажыцьцяўляць фігуру найвышэйшага пілятажу высокасьвядомай нацыі, чым уласна і зьяўляецца байкот.

“Няхай жа знаюць гэта ўсе працуючыя і ўсе, хто ім спагадае, няхай выбіраюць СВАІХ дэпутатаў, бо іначай чорныя сотні і іншыя ворагі шчасьця і свабоды народнай запануюць над усім краем”.

Чаму мужыкі галасавалі не за тых, хто сапраўды на іхным баку? – такім пытаньнем пяты, дзясяты, соты раз задаецца “Наша Ніва”, а ты разумееш, што ў справе засваеньня першаснага інструмэнту дэмакратыі – выбараў – “мужыкі” за гэтыя сто гадоў калі й прасунуліся наперад, дык амаль незаўважна.

Пакінуўшы радыкальную “Нашу Долю”, браты-заснавальнікі кардынальна зьмянілі ня толькі свае тактычныя і стратэгічныя пляны. Гэта была зьмена сьветапогляду і ўсёй жыцьцёвай праграмы. Яны перасталі быць рэвалюцыянэрамі-бамбістамі з адпаведнай гэтаму кшталту тэорыяй і практыкай, а ператварыліся ў будаўнікоў, у муляраў мэтафізыкі, у дызайнэраў будучага нацыянальнага палацу. “НН” сапраўды выглядала больш асьцярожнай у параўнаньні з “Нашай Доляй”. Але гэтая зьнешняя асьцярожнасьць не была простай асьцярогаю, гэта і была іншая праграма. У параўнаньні з бамбісцкай гэта была праграма жыцьця.

Для “НН” пачатку стагодзьдзя не надаюцца сучасныя вызначэньні “апазыцыйнай”, альбо “недзяржаўнай”, ці нават “незалежнай” газэты. Яна стаяла на пазыцыях патэнцыйнае беларускае дзяржавы і кансалідавала для гэтай дзяржавы беларускую нацыю – служыла цалкам выразным мэтам і патрэбам канкрэтнага народу. У адрозьненьне ад “Нашай Долі”, “НН” не вяла агонь на паражэньне існага палітычнага рэжыму. Яе крытыка і прапаганда “супраць” мела гранічна дэталізаванага адрасата. Скажам, пэўны дэпутат або чыноўнік, пэўнае грамадзкае таварыства або пэўная газэта вядуць лінію супраць нашых сацыяльных і нацыянальных інтарэсаў, і мы пра гэта распавядаем. Але працэнтна болей мы распавядаем пра тых, хто дзейнічае на нашу нацыянальную і сацыяльную карысьць. Увогуле “за” на газэтнай плошчы займае нашмат больш месца, чым “супраць”. З улікам таго, што “супраць” мы выказваемся ня толькі на палітычныя тэмы, але і супраць п’янства, антысанітарыі, невуцтва...

Ці ёсьць сёньня газэта з такой праграмай, якая б будавала нацыю для заўтрашняга дня? І ці такая магчымая? Пытаньне з шэрагу, а ці магчымы сёньня новы Янка Купала?

Цяперашні палітычны рэжым можна ўспрымаць як дадзенасьць і ў дадзеных умовах вырашаць свае задачы. Так сталася, што ў незалежнай Беларусі, пра якую Луцкевічы маглі толькі марыць, гэта безальтэрнатыўная ўлада. І большасьць беларусаў галасуе за яе не таму, што яна такая добрая і ўдалая, а таму, што большасьць ніколі так добра, як пры ёй, не жыла. Што там пералічваць чыстыя вуліцы і поўныя крамы. Той паўглыток свабоды, што выявіўся ў магчымасьці зьезьдзіць за мяжу, выбіраць сабе месца працы і жыльля, купіць машыну, для большасьці – пасьля працадзён, беспашпартоўя і безграшоўя – аказаўся аж занадтым дарункам лёсу. І толькі хіба наступнае пакаленьне, якое ўжо ў гэтым усім вырасла і гэта ўжо мае, захоча да таго паўглытка дадаць свабоду прэсы, рэальных выбараў і шматпартыйнае сыстэмы.

Гэта эвалюцыя, якую нехта праходзіць аксамітнымі, сьпеўнымі ці аранжавымі скачкамі, а нехта – біялягічным парадкам зьмены пакаленьняў. Скача той, хто ўжо ўстаў на ногі як нацыя. Тым часам станаўленьне адбываецца зусім не ў палітычнай сфэры – а недзе ў роднай хаце пад матчынаю апекай, з кніжкай у руках, зь першым запалым у душу вершам...

Вось жа такую атмасфэру апякунчае любові і навукі стваралі браты-заснавальнікі ў “НН” для тых людзей, якім належала стаць у будучыні беларускай нацыяй. Прамінулі часы тостаў за снайпэра, заклікаў да альянтаў (“Ратуйце!”) і палымяных выступаў на фабрычных стачках. І ў сэрцах будзіцеляў да нянавісьці зарадзілася любоў.

Цікава, што ўсё гэта адбываецца з братамі Луцкевічамі тады, калі іх шукае паліцыя і яны існуюць на нелегальным становішчы, пад чужымі прозьвішчамі, гэта значыць, у нэгатыўным вымярэньні. Замест проста так сабе газэты ці палітычнай агіткі яны бяруцца пісаць паэму – так і хочацца сказаць – міма сваёй волі. Хіба што нейкая вышэйшая воля схіліла іх да такога рашэньня. Але галоўнае тут тое, што яны гатовыя былі схіліцца.

Самы першы дыскусійны радок у “Нашай Ніве” зьявіўся ў першым жа нумары і ў першым жа артыкуле. Ах, колькі ж ён выкліча пасьля зьнішчальных камэнтароў савецкае прапаганды! Газэту сотні разоў абзавуць буржуазнай, памешчыцкай і нават шавіністычнай. Вось гэты радок:

“Не думайце, што мы хочэм служыць толькі ці панам, ці адным мужыкам. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцьця, каб ад нас, як ад люстра, сьвет падаў у цёмнасьць...”

Пазьней высьветліцца, што гэта і не Луцкевічаў радок – тут сапраўды нейкая вышняя воля. Але пра гэта – у наступнай перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG