Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Начная аБЛОГа” – 14 лістапада


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць выказваньні эканаміста Леаніда Заікі аб тым, што беларуская дэлегацыя дарма лятала ў Маскву на перамовы. Спадар Заіка даў інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН. Большасьць удзельнікаў форумаў з экспэртам пагаджаюцца:

“Так рыхтаваўся, так рыхтаваўся... Аналізаваў выкананьне падпісаных актаў, а прыехаў, пагутарыў пра Вэнэсуэлу, пра Рух недалучэньня. Па цэнах на газ нічога ня вырашыў. І што далей?! Ён усё болей мяне расчароўвае...”

“Я мяркую, што Пуцін банальна пакрыўдзіўся на Лукашэнку. У 2005 годзе наш сьпяваў, напэўна, што, маўляў, усё прадам, рубель зробім, у склад увойдзем, толькі падмажы на выбарах... А як надышоў час плаціць, сказаў: “Усё, што я табе казаў – дык гэта я пажартаваў”.

Беларускі блогер Яўген Ліпковіч у сваім інтэрнэт-дзёньніку таксама разважае сёньня пра гандаль вакол “Белтрансгазу”: “Вяртаючыся да таго ляманту, які нясецца з Расеі наконт таго, што Лукашэнка ненатуральна задраў цану на “Белтрансгаз”, маю сказаць наступнае: ні для кога з вас не сакрэт, што ваш “Газпром” недаацэнены. І факт, што калі б ім кіравалі больш якасна (ну, напрыклад, як Shell), дык такая кампанія з гэткай колькасьцю супрацоўнікаў павінна была каштаваць утрая даражэй. Гэтак мільярдаў 600 (самая нізкая ацэнка). Гэта азначае толькі адно – розьніца паміж гэтым коштам і бягучай капіталізацыяй “Газпрому” – гэта плата за вашае неэфэктыўнае кіраваньне. Але чаму мы, прапануючы вам “Белтрансгаз”, павінны рабіць зьніжку на некампэтэнтнасьць вашых мэнэджараў?”

На форумах афіцыйнага сайту Менгарвыканкаму можна знайсьці такое паведамленьне, адрасаванае асабіста кіраўніку гарадзкой адміністрацыі Міхаілу Паўлаву: “Пераканаўчая просьба высьветліць сытуацыю з будаўніцтвам дому па вуліцы Громава, 31а, моладзевы жыльлёва-будаўнічы комплекс “Сучасны праект”. За шэсьць год будоўлі гэтак і ня высьветлілася сытуацыя: ці заселяцца туды жыхары, ці не. Дакумэнтальна дом здалі ў чэрвені 2006 году... Яшчэ 6 год чакаць? Ці тут паўторыцца сытуацыя з домам... будаўнічага комплексу “Маладыя грамадзяне”, затопім усе паверхі й будзем зьбіраць грошы наноў?”

На сайце Indymedia.by у разьдзеле гумар абмяркоўваюць навіну: фільм “Анастасія Слуцкая” стаў уладальнікам галоўнага прызу Міжнароднага кінафэстывалю “Залаты пеўнік і 100 колераў”, які адбыўся ў Кітаі. Са словаў рэжысэра карціны Юр’я Елхава, “Анастасію Слуцкую” прызналі найлепшым замежным фільмам. Вось як наведнікі сайту камэнтуюць навіну.

“Цудоўная навіна! У наступным дзяржаўным беларускім блокбастэры зьявіцца станоўчы герой з Кітаю. Ды ўвогуле “Беларусьфільму” час здымаць сэрыялы не для расейскага, а для кітайскага рынку. Дэтэктыў Ка Мэн Ска Я будзе разьяжджаць па Пэкіне, вельмі падобным да Менску”.

“Беларуска-кітайскае сяброўства занадта высокадухоўнае! Таму няхай здымаюць не дэтэктывы, а мэлядраму. “6 дзён у раі”.

Kalilaska разважае ў сваім “Жывым журнале” пра лёс беларускага шоў-бізнэсу: “Дыяна Гурцкая падала заяўку на ўдзел у “Эўрабачаньні” ад Беларусі... Каб ужо хутчэй адборачны тур стартаваў, надта ўжо цікава зацаніць усё гэта... Зноў-такі Гайдук павінна нумар зь ляжаньнем на сцэне паказаць. Можа, напісаць песьню нейкую, га? Яны там талентаў шукаюць. Хоць не, лепей пайсьці ў праграму “Зоркі цырку”.

* * * Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG