Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Андрыёлі (14.11.1836, Вільня — 23.8.1893, Варшава)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Гісторыя ведае безьліч выпадкаў, калі беларусы з розных прычынаў мусілі служыць іншым народам і культурам. Але Кліё вядомыя й адваротныя прыклады, якія натхняюць мяне нязьмерна болей. Адзін зь іх — італіец Міхал Эльвіра Андрыёлі, які стаў нашым выдатным мастаком і героем паўстаньня Каліноўскага.

Мне ўяўляецца, як агаломшыў яго прыезд у 1860-м на радзіму бацькі, каб працягваць мастацкую адукацыю ў славутай Акадэміі сьвятога Лукі ў Рыме. Паўднёвае сонца, насычаныя колеры, шматлікія маляўнічыя помнікі былых стагодзьдзяў... Але думка пра тое, што гэтая зямля можа стаць новай Айчынай, толькі мільганула й растала лёгкай аблачынкаю. Домам была Літва-Беларусь, а родным горадам — любая Вільня, у лябірынце чыіх вулачак заблукаўшы, можна, здаецца, сустрэць самога сябе. Яны ўсё больш уладна клікалі назад. Пагатоў сябры рыхтавалі там паўстаньне супроць расейскага прыгнёту.

Андрыёлі падзяляў погляды таго крыла патрыётаў, якіх называлі “чырвонымі” — Кастуся Каліноўскага, Валера Ўрублеўскага, яшчэ аднаго італійца па крыві і ліцьвіна па духу Ахіла Банольдзі, якія марылі не пра аднаўленьне Рэчы Паспалітай, а пра дэмакратычныя зьмены, у выніку якіх народы гэтай былой дзяржавы здолеюць самі вырашаць свой лёс.

Міхал ваюе ў аддзеле аднаго з кіраўнікоў паўстаньня Людвіка Нарбута, дзе апынаецца і малады Францішак Багушэвіч. Падзеі і ўражаньні тых змагарных месяцаў паўплывалі на ўсю творчасьць Андрыёлі, абумовіўшы і яе патас, і рамантычную танальнасьць.

Здолеўшы пасьля паўстаньня ўцячы з царскае турмы, мастак жыве ў Лёндане й Парыжы. Галоўная тэма яго творчасьці ў гэтыя гады — паўстаньне. Тым часам, сярэдзінай 1860-х, датуецца і графічная праца “Сьмерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў”.

Невялікі аддзел інсургентаў вядзе жорсткі бой з шматкроць большымі сіламі расейскіх карнікаў. Поплеч з шляхцічамі б’юцца з ворагам і сяляне ў кажушках. Цяжка параненага камандзіра паўстанцы на руках нясуць у лес. Яго пакідаюць апошнія сілы, але іх яшчэ стае на тое, каб рука ня выпусьціла пісталета. Твор з разраду тых, у якія ў дзяцінстве мне хацелася трапіць, каб дапамагчы “нашым”.

Душа мастака бунтуе супроць спакойнага жыцьця ў эўрапейскіх сталіцах. Ён кідае выклік лёсу, вяртаецца на радзіму і — трапляе ў рукі жандараў. Пяцігадовая высылка ў Вятку здаецца цэлай вечнасьцю. Суцеху дае толькі маляваньне ды заняткі з таленавітымі мясцовымі маладзёнамі. Іх завуць Віктарам і Апалінарыем. Прозьвішча — Васьняцовы...

“Залаты запас” яго вялікай творчай спадчыны — дрэварыты да паэмаў Адама Міцкевіча “Конрад Валенрод” і “Пан Тадэвуш”, а таксама буйны гістарычны цыкль (“Сьмерць князя Кейстута”, “Бітва ліцьвінаў з крыжакамі”, “Гусьляр”, “Хрышчэньне ліцьвінаў”), які абуджаў нацыянальную сьвядомасьць беларусаў.

Лёс адмераў яму крыху болей за паўстагодзьдзя. Героямі ягоных твораў найчасьцей былі асобы, надзеленыя шляхетным, рыцарскім духам. Па-рыцарску пражыў сваё кароткае вірлівае жыцьцё і сам Міхал Эльвіра Андрыёлі. Італіец, якога Беларусь зрабіла сваім мастаком.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG