Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гарадзенскім ўнівэрсытэце адзначылі 100-годзьдзе “Нашай Нівы”


Міхал Карневіч, Горадня Вечарыну, прысьвечаную 100-годзьдзю “Нашай Нівы”, арганізавала выкладчыца літаратуры й паэтка Ала Петрушкевіч разам з сваімі студэнтамі.

Вечарыну назвалі “Не загаснуць зоркі ў небе...” – словамі верша Янкі Купалы, прысьвечанага “Нашай Ніве”. Вялікая ўнівэрсытэцкая актавая заля была запоўненая больш чым на палову.

Прафэсар Аляксей Пяткевіч расказваў аб гісторыі стварэньня “Нашай Нівы”, Данута Бічэль прачытала свае вершы, паэтка Алена Руцкая згадвала аб тым, як разам з настаўнікамі наведала Зоську Верас, якая апавядала ім пра газэту. Студэнты паміж гэтымі аповедамі інсцэнізавалі “Віленскія сустрэчы”, сьпявалі песьні пад гітару, чыталі вершы, ствараючы атмасфэру нашаніўскага часу.

Пры канцы гарадзенскі хор “Бацькаўшчына” ўпершыню выканаў песьню на словы Я.Купалы “Не загаснуць зоркі ў небе...”, якую арганізатары назвалі гімнам вечарыны.

XS
SM
MD
LG