Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: камісіі не зарэгістравалі 2 групы сяброў БСДП (НГ)


Радыё Свабода, Віцебск Бабініцкая і Ноўкінская акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў Сьвятлане Дзенісёнак і Зьмітру Караткевічу.

Яны абое мелі намер балятавацца ў абласны савет у Віцебскім раёне. Прычынай адмовы стала нібыта няправільнае афармленьне дакумэнтаў, хаця ўсе віцебскія сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” пісалі абсалютна аднолькавыя заявы, і ў іншых акруговых камісіях заўваг не было. Між тым Сьвятлане Дзенісёнак даслалі з акруговай камісіі адмову, напісаную на іншае, да таго ж мужчынскае, імя.

Абое актывісты “Народнай грамады” напісалі скаргі ў Віцебскую абласную камісію з просьбай перагледзець пытаньне рэгістрацыі і з патрабаваньнем больш уважліва ставіцца да афармленьня пісьмовых дакумэнтаў.

Баранская гарадзкая выбарчая камісія не зарэгістравала ў поўным складзе ініцыятыўную групу Алены Галаўні, актывісткі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Зарэгістраванымі аказаліся толькі 5 чалавек з 6-і паводле поўнага сьпісу. Пасьля вуснай скаргі Алены Галаўні ў камісіі абяцалі разабрацца, чаму так здарылася, але ўжо сёньня – пасьля таго, як афіцыйныя тэрміны рэгістрацыі ініцыятыўных групаў скончыліся.

Толькі пасьля звароту ў Цэнтравыбаркам пасьведчаньне сябра ініцыятыўнай групы выдалі сябру тае ж партыі Віктару Міхасёву, які таксама зьбіраецца балятавацца ў Баранскі гарадзкі савет. Яму прыйшлося даводзіць, што патэнцыйны кандыдат таксама мае права працаваць ва ўласнай ініцыятыўнай групе.
XS
SM
MD
LG