Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея – на парозе Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі


Юры Дракахруст, Прага Галоўная перашкода на шляху ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю зьнятая. 10 лістапада было абвешчана аб тым, што згоду на ўступленьне Расеі далі Злучаныя Штаты. Аднак, паводле экспэртаў, Масква можа яшчэ сутыкнуцца з супрацівам амэрыканскага Кангрэсу, а таксама Грузіі і Малдовы – дзьвюх краінаў, згода якіх патрэбная для ўступленьня Расеі ў міжнародны эканамічны клюб.

Перамовы аб уступленьні Расейскай Фэдэрацыі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю пачаліся 13 гадоў і ішлі вельмі складана. Аднак пры канцы мінулага тыдня быў зьняты ці не галоўны бар’ер: згоду на далучэньне Расеі да гандлёвай арганізацыі далі Злучаныя Штаты – самы ўплывовы сябра арганізацыі і краіна з самай вялікай эканомікай у сьвеце.

Гэта не падарунак Маскве – амэрыканскі бізнэс вітаў дасягненьне згоды, бо сяброўства Расеі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі зробіць гандаль зь ёй менш рызыкоўным.

Гаворыць Дэніел Грысвалд – дырэктар амэрыканскага Інстытуту гандлёвай палітыкі (КАТО):

(Грысвалд: ) “Я мяркую, што сяброўства Расеі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі створыць больш устойлівы падмурак для нашых адносінаў. Гэта, напрыклад, абароніць Злучаныя Штаты ад непрагназаванага імпарту расейскай сталі на амэрыканскі рынак. Гэта не дазволіць Расеі забараняць імпарт амэрыканскага мяса свойскай птушкі ў якасьці палітычнай меры. І гэта больш адкрые расейскі рынак. З савецкага часу яны дасягнулі посьпехаў, праўда меншых, чым павінны былі, і далучэньне да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі абавяжа расейскія ўлады мець больш адкрытую эканоміку, як гэта абавязала кітайцаў”.

Чакаецца, што ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю будзе спрыяць рэзкаму росту расейскай эканомікі, як гэта адбылося з кітайскай эканомікай пасьля ўступленьня Кітаю ў гэтую арганізацыю ў 2001 годзе. Для Расеі, прынамсі, адкрыюцца рынкі заходніх краінаў, умацуюцца яе аўтарытэт у сьвеце: Расея – апошняя краіна ў сьвеце зь вялікай эканомікай, якая дагэтуль не зьяўляецца сябрам гандлёвай арганізацыі. Набыўшы гэты статус, Масква зможа ўплываць на фармаваньне правілаў гэтай арганізацыі.

Аднак на шляху Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю яшчэ засталіся істотныя перашкоды. Па-першае, пярэчаньні можа выказаць амэрыканскі Кангрэс. Амэрыканскія парлямэнтары, праўда, ня могуць заблякаваць уступленьне Расеі ў арганізацыю, але для скасаваньня некаторых гандлёвых абмежаваньняў, якія засталіся яшчэ з часу “халоднай вайны”, могуць выставіць пэўныя ўмовы. Напрыклад, сэнатар-дэмакрат Макс Бокус, які хутчэй за ўсё узначаліць сэнацкі камітэт па фінансах, ужо заявіў, што Расея павінна спыніць пірацкае капіяваньне кампутарных праграмаў і відэафільмаў, а таксама адмяніць забарону на імпарт амэрыканскага мяса, каб для яе былі адмененыя гандлёвыя абмежаваньні.

Уласна для ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю Расеі яшчэ трэба атрымаць згоду Грузіі і Малдовы, краінаў, зь якімі Масква вядзе гандлёвыя войны. Расея ўвяла забарону на імпарт малдаўскіх і грузінскіх вінаў, адносна Грузіі наагул уводзілася гандлёвае эмбарга. Кішінэў і Тбілісі заяўляюць, што не дадуць згоды на ўступленьне Расеі ў гандлёвую арганізацыю, пакуль Масква не адменіць эканамічных абмежаваньняў адносна гэтых краінаў. Аднак некаторыя экспэрты лічаць, што пасьля згоды, дадзенай Злучанымі Штатамі, Грузія наўрад ці будзе пярэчыць.

Расейскі міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Герман Грэф выказаў упэўненасьць, што канчаткова шматбаковыя перамовы аб уступленьні Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю завершацца праз паўгоду. Аднак, магчыма, нават гэта ня стане канчатковай кропкай. Кітай пасьля завяршэньня адпаведных перамоваў чакаў яшчэ 2 гады да афіцыйнага ўступленьня.

Калі ўсё ж Расея стане сябрам арганізацыі ў хуткім часе, якія наступствы гэта можа мець для адносінаў зь ёй Беларусі, пэрспэктывы якой на ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ўяўляюцца даволі далёкімі? На гэтае пытаньне адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Калі Расея ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, гэта будзе мець нэгатыўныя наступствы для Беларусі. Але гэтыя вынікі праявяцца не адразу, а на працягу 5 – 7 гадоў. У самой Расеі цэны на энэрганосьбіты павінны ўзьняцца да рынкавага ўзроўню – гэта адна з умоваў уступленьня ў гэтую арганізацыю. Па-другое, на расейскім рынку беларуская прамысловасьць будзе мець такія самыя ўмовы канкурэнцыі, як і Кітай, і іншыя краіны. Зь цягам часу ўмовы канкурэнцыі для беларускіх тавараў на расейскім рынку будуць вельмі жорсткія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG