Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не прыняў рашэньня аб продажы маёмасьці Саюзу пісьменьнікаў


Галіна Абакунчык, Менск У Менскім абласным гаспадарчым судзе прайшлі слуханьні па апэляцыйнай скарзе Беларускага літаратурнага фонду. Пісьменьніцкая арганізацыя просіць прызнаць рашэньне судовай выканаўцы Людмілы Макаранкі прадаць дом адпачынку “Іслач” незаконным. Суд абвясьціў перапынак у паседжаньні, а продажам “Іслачы” зацікавіліся ў аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі.

Зварот Літфонду ў Гаспадарчы суд Менскай вобласьці — апэляцыя да вышэйшай інстанцыі. Першая, у Менскі гаспадарчы суд, задаволеная не была.

Адказчыца ў залі паседжаньняў не зьявілася, але ў папярэдніх слуханьнях заявіла, што арышт пісьменьніцкага дому адпачынку “Іслач”, а таксама продаж асобных будынкаў яна правяла на рашэньне гаспадарчага суду Менску. Беларускі літаратурны фонд просіць прызнаць незаконным і арышт, і продаж будынкаў пісьменьніцкай санаторыі “Іслач”.

Гаворыць Уладзімер Някляеў:

(Някляеў: ) “Пісьменьнікі аблапошаныя. І калі суд прыме рашэньне, што ўсё гэта законна і пісьменьнікі ўвогуле застануцца безь нічога, то я магу сказаць, што гэта заканамерны працэс, які ідзе ў нашай краіне. Гэта частка таго, што адбываецца ўвогуле”.

Рашэньне прадаць “Іслач” паўстала, бо пісьменьнікі ня здолелі своечасова сплаціць пазыкі за ўтрыманьне пансіянату, а таксама за арэнду пакояў у Доме літаратара. Аднак яны заяўляюць, што нерухомасьць прадалі затанна, што пісьменьнікам не дазволілі самастойна разьвязаць праблемы. На знак салідарнасьці ў суд прыйшлі многія вядомыя беларускія літаратары.

Гаворыць прадстаўнік Літфонду Язэп Янушкевіч:

(Янушкевіч: ) “Тое, што прыйшла пісьменьніцкая грамада і падтрымала прадстаўнікоў Літфонду, гэта абнадзейвае. І нашая мэта, каб мы самі маглі распарадзіцца сваёй маёмасьцю. І я ўпэўнены, што пісьменьніцкая доля была б лепшая, чым была дагэтуль”.

Паводле Язэпа Янушкевіча, пытаньне продажу пісьменьніцкай санаторыі “Іслач” цяпер вывучаюць сьледчыя аддзелу ў барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю. Да завяршэньня слуханьняў Гаспадарчы суд Менскай вобласьці аб’явіў перапынак.

* * * Беларускі літаратурны фонд — грамадзкая арганізацыя, якая была заснаваная ў межах Міжнароднага літаратурнага фонду. Гэтая арганізацыя мае падтрымліваць пісьменьніцкую супольнасьць — выдаваць кнігі, спрыяць у адпачынку, дапамагаць матэрыяльна.

Сёлета Міністэрства юстыцыі Беларусі праз суд дамагалася ліквідацыі грамадзкай арганізацыі “Саюз беларускіх пісьменьнікаў”. Таксама сёлета СПБ канчаткова выселілі з будынку Дому літаратара. З 1997 году Дом літаратара належыць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG