Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўкі салідарнасьці далучыліся новыя актывісты “Грамады”


Алег Грузьдзіловіч, Менск На 26-ы дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна да акцыі салідарнасьці зь ім далучыліся новыя ўдзельнікі ў Менску, Берасьці й Маладэчне. Пра тактыку эстафэтных галадовак апавялі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Вядомы праваабаронца Алег Воўчак, актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Стральцоў і Надзея Батура абвясьцілі галадоўку салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным. Пра гэта яны паведамілі на прэсавай канфэрэнцыі ў офісе партыі.

Паводле зьвестак Беларускай сацыял-дэмакратычнай (Грамада), у Менску, Берасьці ды іншых гарадох краіны штодня галадае да трыццаці партыйных актывістаў. Некаторыя галадаюць два-тры дні па чарзе, некаторыя, як Алесь Стральцоў, зьбіраюцца галадаць, пакуль галадае Аляксандар Казулін.

Тактыку эстафэтных галадовак салідарнасьці намесьнік старшыні “Грамады” Аляксей Кароль назваў “вынаходзтвам Беларусі”. Пры гэтым Аляксей Кароль пацьвердзіў, што “Грамада” заклікала свайго лідэра спыніць галадоўку, бо ён ужо дасягнуў выразных палітычных мэтаў.

(Кароль: ) “Галадоўка Казуліна ўжо стымулявала аб’яднаньне дэмакратычных сілаў. Прынялі ягоныя пажаданьні што да правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў, спалучэньня гэтай працы зь мясцовымі выбарамі і патрабаваньнямі свабоды палітвязьням. Дадзены новы штуршок да разгляду праблемаў Беларусі ў ААН — але трэба ўлічваць, што гэта доўгая працэдура. А Казулін патрэбны нам, патрэбны ўсёй Беларусі жывы й здаровы. Нарэшце ў Беларусі і ўва ўсім сьвеце ўбачылі, што ў турме знаходзіцца сапраўдны барацьбіт, вельмі сьмелы чалавек”.

На прэсавай канфэрэнцыі паведамілі пра акцыю “Дашлі паштоўку Казуліну”, якую пачалі актывісты “Грамады” ў Маладэчне. Задума прымеркаваная да дня нараджэньня Аляксандра Казуліна, які будзе 25 лістапада.

Жонка Аляксандра Казуліна Ірына паведаміла, што адміністрацыя калёніі “Віцьба-3”, дзе галадае яе муж, не гаворыць нічога пэўнага пра стан ягонага здароўя.

(Казуліна: ) “Кожны дзень начальнік калёніі мне кажа, што самаадчуваньне мужа нармальнае — безь ніякіх падрабязнасьцяў”.

Да Аляксандра Казуліна па-ранейшаму не пускаюць сваякоў і адваката. Начальнік калёніі “Віцьба-3” Віталь Агнісьцікаў кажа, што Аляксандра Казуліна “рэгулярна аглядаюць турэмныя дактары”.

* * * З 20 кастрычніка Аляксандар Казулін у калёніі трымае палітычную галадоўку. Ён пратэстуе супраць незаконнага, як ён лічыць, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі й дамагаецца ўвагі ААН да праблемаў Беларусі. Разам з Казуліным у калёніі галадае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG