Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН спрабуе замірыць Захад з мусульманамі


Сяргей Абламейка, Прага Рашэньне палестынска-ізраільскага канфлікту – ключ да зьмяншэньня разрыву паміж Захадам і мусульманскім сьветам. Гэта – адна з галоўных высноваў дакладу, які быў сёньня ў Стамбуле прадстаўлены генэральнаму сакратару ААН Кофі Анану групай вядомых навукоўцаў і палітыкаў. 20 міжнародных экспэртаў у працягу году працавалі ў рамках ініцыятывы ААН пад назвай “Альянс цывілізацый”.

Сёньняшні даклад – вынік працы 20 вядомых у сьвеце рэлігійных дзеячоў, палітыкаў і экспэртаў, сярод якіх былы прэзыдэнт Ірану Мухамад Хатамі і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, англіканскі архібіскуп з Паўднёвай Афрыкі Дэсманд Туту. У Працягу мінулага году яны абмяркоўвалі, як зьменшыць палярызацыю паміж заходняй ды ісламскай супольнасьцямі. Галоўная выснова экспэртаў палягае на тым, што першапрычынай канфлікту зьяўляецца не культура або рэлігія, але палітыка. І тэрміновыя крокі трэба рабіць менавіта ў палітычнай галіне.

Адзін з кансультантаў групы 20-ці Эмануэль Катан заявіў у інтэрвію нашаму Радыё:

(Катан: ) “Яны асабліва засяродзіліся на арабска-ізраільскім канфлікце як адной з праблемаў-сымбаляў, якая выклікала шмат раздражненьня і гневу ў мусульманскім сьвеце і вядзе да росту экстрэмізму. Заходнія вайсковыя апэрацыі ў Іраку і Аўганістане таксама зьяўляюцца першаснымі фактарамі палярызацыі”.

Адна з галоўных рэкамэндацыяў групы 20-ці – стварыць Белую кнігу, якая б прааналізавала ізраільска-палестынскі канфлікт ураўнаважаным чынам. Гэта дазволіла б абодвум бакам канфлікту выкласьці сваё бачаньне нядаўняй гісторыі Блізкага Ўсходу і свае падыходы да праблемы, якія рэзка адрозьніваюцца паміж сабой.

У пададзеным сёньня Кофі Анану дакладзе экспэрты таксама зьвяртаюць увагу на некаторыя мусульманскія краіны, якія, на іх думку, падтрымліваюць экстрэмізм. Даклад заклікае Захад быць пасьлядоўным у падтрымцы дэмакратычных рухаў, якія зазнаюць рэпрэсіі ў некаторых мусульманскіх краінах, але пры гэтым ня ўмешвацца тады, калі вынікі не адпавядаюць заходнім уяўленьням.

Аўтары дакладу прызналі, што ніякі культурны абмен і высілкі ў галіне адукацыі ня будуць плённыя, пакуль праблемы кшталту арабска-ізраільскага канфлікту ня будуць вырашаныя. Пры гэтым кансультант групы высокага ўзроўню Эмануэль Катан дадае:

(Катан: ) “Яны, вядома, прызналі, што канкрэтныя дзеяньні і рэкамэндацыі дакладу будуць мець абмежаванае дзеяньня, пакуль ня будуць вырашаныя палітычныя праблемы. Але гэта не азначае, што трэба спакойна глядзець і бязьдзейнічаць. Менавіта таму экспэрты прапанавалі шэраг захадаў, напрыклад, у галіне адукацыі, культурнага дыялёгу і абазнанасьці ў пытаньнях правоў чалавека”.

Даклад экспэртаў таксама прадугледжвае прыняцьце добраахвотнага кодэксу паводзінаў для сродкаў масавай інфармацыі пры асьвятленьні імі рэлігійных і палітычных праблемаў, а таксама заклікае пашырыць у мусульманскіх краінах доступ да інтэрнэту.

Cпонсарамі ініцыятывы ААН “Альянс цывілізацыяў” зьяўляюцца прэм’ер-міністры каталіцкай Гішпаніі і мусульманскай Турэччыны.
XS
SM
MD
LG