Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя зарэгістравала каля тысячы ініцыятыўных групаў (абноўлены)


Радыё Свабода Палітычная рада дэмакратычных сілаў Беларусі абвясьціла, што больш як 800 кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравалі ініцыятыўныя групы. Разам групаў — каля 1 тысячы, многія кандыдаты вылучаюцца ў абласныя, раённыя й гарадзкія саветы. Між тым, на этапе вылучэньня праз збор подпісаў ёсьць няўдачы — найперш у лідэраў апазыцыйных партыяў.

Старшыня Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што плянаваў вылучацца дэпутатам у Менскі гарадзкі савет, па месцы жыхарства. Лідэр партыі даводзіць, што заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы своечасова падаў у Адзінцоўскую выбарчую акругу.

(Лябедзька: ) “Мне сказалі, што трэба, каб асабіста пацьвердзіў, што я — гэта я, грамадзянін Беларусі. Але так здарылася, што ў гэты час я знаходзіўся ў камандзіроўцы, і спрабаваў здаць дакумэнты кіраўнік ініцыятыўнай групы. Я ведаю, што ў шэрагу рэгіёнаў гэта не зьяўляецца прычынай адмовы. У мяне гэта не прайшло. З той жа прычыны адмовілі Яраславу Раманчуку. Яму заявілі: “У нас ёсьць падазрэньне, што ён не грамадзянін Беларусі”. Высьвятляецца, што Раманчук — публічны чалавек, які друкуецца ў прэсе і спрабаваў раней балятавацца ў той жа Горадні — нібыта грамадзянін Гватэмалы ці Нігерыі”.

У лідэра АГП засталася адзіная магчымасьць паўдзельнічаць у выбарах — вылучыцца ад партыі. Акрамя таго, Анатоль Лябедзька гаворыць пра новае ў тактыцы партыі:

(Лябедзька: ) “Мы прынялі рашэньне, што я асабіста, а таксама Станіслаў Багданкевіч, Зінаіда Бандарэнка, Аляксандар Сасноў, Васіль Шлындзікаў і многія-многія вядомыя грамадзкія дзеячы й палітыкі будуць даверанымі асобамі ў сябраў партыі, якія зарэгістраваныя. Асабліва ў маладых, да трыццаці гадоў. Мы будзем актыўна выкарыстоўваць фактар спалучэньня вядомасьці, досьведу і маладой энэргетыкі”.

Сёньня старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч заявіў, што ягоныя прыхільнікі прэтэндуюць на больш як адну тысячу месцаў — ад абласнога ўзроўню да сельсаветаў.

(Гайдукевіч: ) “У Менску вельмі сур’ёзны кантынгент ідзе — намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Карунас, Кабзараў, Лях — гэта людзі, якія ў прадпрымальніцкай дзейнасьці моцныя. І сябры ЦК. Што тычыцца буйных гарадоў, то праблемы няма. Мы абавязкова ва ўсе акругі зойдзем, “заб’ем” — падабаецца каму ці не”.

Сёньня стала вядома, што ў Менску ў Куйбышаўскай выбарчай акрузе зарэгістраваў ініцыятыўную групу лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, а таксама намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Факт рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Івашкевіча пацьвярджае лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Вылучыўся Віктар Івашкевіч, а таксама людзі з кіраўніцтва Сойму і ўправы Партыі БНФ, кіраўнікі абласных арганізацыяў. Я вылучаны ў Менску ў Мірашнічэнкаўскай выбарчай акрузе №45, фактычна па месцы жыхарства. Разам мы вылучылі 132 чалавекі ў Беларусі. Некалькі ініцыятыўных групаў (прыкладна пяць) у Менску не былі зарэгістраваныя”.

Са словаў Вінцука Вячоркі, паводле папярэдніх падлікаў, аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі вылучылі праз збор подпісаў каля тысячы кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў: ПКБ і прыхільнікі лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча — каля двухсот чалавек, АГП — 160, БСДП (Грамада) — 130, Партыя БНФ — 132.
XS
SM
MD
LG