Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўкі салідарнасьці далучыліся новыя актывісты “Грамады”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вядомы праваабаронца Алег Волчак, партыйныя актывісты Алесь Стральцоў і Надзея Батура абвясьцілі галадоўку салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным.

Пра гэта яны паведамілі падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая адбывалася 14 лістапада ў офісе партыі. Паводле зьвестак Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), у Менску, Берасьці і іншых гарадах краіны штодня галадае да 30 партыйных актывістаў.

У Маладэчне актывісты пачалі акцыю “Дашлі паштоўку Казуліну”, прымеркаваную да дня нараджэньня экс-кандыдата на прэзыдэнта, які будзе адзначацца 25 лістапада. Адначасова кіраўніцтва партыі заклікала свайго лідэра спыніць галадоўку.

“Аляксандар Казулін даказаў ўсяму сьвету, што ёсьць сапраўдным барацьбітом. Але нам, усёй Беларусі ён патрэбны жывы і здаровы”, – мяркуе намесьнік старшыні партыі Аляксей Кароль.

Нагадаем, з 20-га кастрычніка Аляксандр Казулін ў калёніі трымае палітычную галадоўку. Ён пратэстуе супраць незаконнага, як ён лічыць, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі і дамагаецца прыцягненьня ўвагі ААН да праблемаў Беларусі.

На фота: актывісты “Грамады” абвяшчаюць пра сваё рашэньне далучыцца да галадоўкі салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным.
XS
SM
MD
LG