Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя зарэгістравала каля тысячы ініцыятыўных груп


Вячаслаў Кулік, Менск Палітычная рада дэмакратычных сілаў Беларусі абвясьціла, што на сёньня больш як 800 кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы. Між тым, на этапе вылучэньня шляхам збору подпісаў ёсьць няўдачы, і, галоўным чынам, для лідэраў апазыцыйных партыяў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька кажа, што меў намер вылучацца дэпутатам ў Менскі гарадзкі савет па месцы жыхарства. Суразмоўца даводзіць, што заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў тэрмін была пададзеная ў Адзінцоўскую выбарчую акругу:

(Лябедзька: ) “Але мне сказалі, што трэба, каб асабіста пацьвердзіў, што я – гэта я, грамадзянін Беларусі. Але так здарылася, што ў гэты час я знаходзіўся ў камандзіроўцы, спрабаваў здаць дакумэнты кіраўнік ініцыятыўнай групы. Я ведаю, што ў шэрагу рэгіёнаў гэта не зьяўляецца прычынай адмовы. У мяне гэта не прайшло. З той жа прычыны адмовілі Яраславу Раманчуку. Яму заявілі: “У нас ёсьць падазрэньне, што ён не грамадзянін Беларусі”. Высьвятляецца, што Раманчук – публічны чалавек, які друкуецца ў прэсе і спрабаваў раней балятавацца ў той жа Гародні, – нібыта грамадзянін Гватэмалы ці Нігерыі”.

У лідэра АГП засталася толькі адна магчымасьць прыняць удзел у выбарах – вылучыцца ад партыі. Верагодней за ўсё, ён будзе балятавацца па Куйбышаўскай выбарчай акрузе, дзе месьціцца штаб-кватэра АГП. Дарэчы, у гэтай акрузе ўжо зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, а таксама намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Факт рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Івашкевіча пацьвярджае лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Вылучыўся Віктар Івашкевіч, а таксама людзі з кіраўніцтва Сойму і ўправы партыі БНФ, кіраўнікі абласных арганізацыяў. Я вылучаны ў Менску ў Мірашнічэнкаўскай выбарчай акрузе нумар 45, фактычна па месцы жыхарства. Усяго мы вылучылі 132 чалавекі ў Беларусі. Некалькі ініцыятыўных групаў (прыкладна 5) у Менску не былі зарэгістраваныя”.

Са словаў Вінцука Вячоркі, паводле папярэдніх падлікаў, аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі вылучылі шляхам збору подпісаў каля тысячы кандыдатаў у дэпутат мясцовых саветаў: ПКБ і прыхільнікі лідэра АДС Аляксандара Мілінкевіча – каля 200 чалавек, АГП – 160, БСДП (Грамада) – 130, партыя БНФ – 132.
XS
SM
MD
LG