Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У буйных гарадох Беларусі бракуе прыбіральняў


Ігар Карней, Менск Паводле статыстыкі Менгарвыканкаму, у 2-х мільённым Менску штодня 350 тысячаў чалавек маюць патрэбу наведаць грамадзкую прыбіральню. У выходныя гэтая лічба сягае 650-700 тысяч. Статыстыка не дае адказу на пытаньне, колькі людзей у патрэбны ім час прыбіральняў не знаходзяць і спраўляюць свае патрэбы ў зялёных пасадках і завугольлях.

Грамадзкіх прыбіральняў у буйных гарадох Беларусі бракуе. Жыхар Віцебску Ўладзімер Карыцька кажа: кожны год на “Славянскім базары” паўстае адная й тая ж праблема – недахоп грамадзкіх прыбіральняў для гасьцей фэсту.

(Карыцька: ) “Я зь некаторымі варыянтамі, зь мэтадамі вырашэньня крыху нязгодны. Замест таго, каб прадаваць якаснае піва, няхай сабе па даражэйшым кошце (рашэньне праблемы магло б быць менавіта такое), дык улады прыбралі піва – каб меней пісалі. Маўляў, тады і прыбіральні не патрэбныя.”

У Менску на балянсе аб’яднаньня “Гаррамаўтадар”знаходзіцца 38 прыбіральняў – гэта паўтысячы месцаў. 15 прыбіральняў платныя. У Заходніх краінах бясплатныя прыбіральні ёсьць практычна ва ўсіх публічных месцах. А ў Беларусі за ўваход прыбіральню неабходна заплаціць ад 500 рублёў да тысячы рублёў.

Кіраўнік Беларускага таварыства ацэньнікаў Мікалай Трыфанаў лічыць, што кошт уваходу ў беларускую грамадзкую прыбіральню неадэкватны роўню сэрвісу.

(Трыфанаў: ) “Усясьветная практыка ўсялякая ёсьць. Іншая справа, што ў нас гэта адбываецца, натуральна, ня ў рэчышчы ўсясьветнай практыкі, асноўнай. Ну, і яшчэ адзін момант зусім няправільны – гэта тое, што памеры арэнднай платы неадэкватна завышаныя. А значыць, і грошы бяруцца з наведнікаў непамерна вялікія”.

Паводле будаўнічых нормаў, “прапускная здольнасьць” прыбіральні вылічваецца “магутнасьцю” і вымяраецца колькасьцю ўнітазаў. Аднак, паводле афіцыйнай статыстыкі, нават з улікам стадыёнаў, кірмашоў, паркаў, дзе прыбіральні бясплатныя, на адзін унітаз у сталіцы прыходзіцца амаль 2,5 тысячы менчукоў. І гэта без уліку турыстаў.

Паводле дакумэнту “Санітарныя правілы ўтрыманьня грамадзкіх прыбіральняў”, радыюс абслугоўваньня грамадзкіх прыбіральняў у гарадох ня мусіць быць меншы за 500-700 мэтраў пры нарматыве 1 унітаз на 500 чалавек. Аднак стацыянарныя прыбіральні, пабудаваныя паводле праектаў 1930-50-х гадоў, безнадзейна састарэлі. Для капітальнага рамонту ў гарадзкім бюджэце грошай бракуе. Прыкладам, прыбіральню па вуліцы Ўсходняй рамантуюць ужо больш за 15 гадоў. А тыя, што функцыянуюць, маюць надзвычай сьціплы пералік паслугаў. У найлепшым выпадку – гэта адмераныя “адміністратарам” 15-20 сантымэтраў туалетнай паперы.

Паводле падлікаў Менгарвыканкаму, колькасьць прыбіральняў складае толькі 26 адсоткаў ад неабходнага. Улады Менску зацьвердзілі плян капітальнага рамонту прыбіральняў на 2006-2010 гады. Плянуецца рэканструяваць 18 прыбіральняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG