Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар гімназіі, дзе вучыцца ўнучка Лукашэнкі, можа атрымаць 9 гадоў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Кастрычніцкім судзе Менску вынесуць прысуд Алегу Бадалаву, былому дырэктару менскай гімназіі, у якой вучыцца ўнучка Аляксандра Лукашэнкі. Паводле сьледзтва, Алегу Бадалаву давалі хабар за ўладкаваньне дзяцей ў гімназію. У сваю чаргу падсудны цьвердзіць, што браў грошы на рамонт будынку.

Паводле сьледзтва, паслугі дырэктара за ўладкаваньне дзіцяці ў прэстыжную гімназію абышліся ў 4 тысячы эўра. Чаму так шмат? Гэтае пытаньне на працэсе ў Кастрычніцкім судзе старанна абыходзілі. На працэсе ня згадвалі таго факту, што ў гімназіі вучыліся дзеці зь вядомых сем’яў. Прыкладам, унучка Аляксандра Лукашэнкі, сын віцэ-прэм’ера Кабякова, нашчадкі іншых высокіх чыноўнікаў.

Прэстыж гімназіі Алег Бадалаў тлумачыў найперш выдатнымі ўмовамі для навучаньня, якія ён забясьпечыў. А зрабіць гэта было нялёгка: бюджэтных грошай не хапала, вось і браў спонсарскую дапамогу, даводзіў Алег Бадалаў. Так, 29-га чэрвеня, падчас сустрэчы ў рэстаране “Хутарок”, ён узяў ад аднаго грамадзяніна 4 тысячы эўра нібыта на рамонт школы. Але ці пераканаюць такія словы судзьдзяў? Журналістка “Белгазэты” Алена Анкуда прызнаецца, што не паверыла былому дырэктару.

(Анкуда: ) “Справа ў тым, што ён паказаньні мяняў. Раней, падчас сьледзтва, казаў, што ўзяў гэтыя грошы сабе. Яго ж затрымалі ў выніку сьледчага экспэрымэнту, і адмаўляцца ён ня мог і тады прызнаў, што ўзяў грошы сабе. А на судзе ужо казаў, што браў грошы на рамонт, што яму ледзь не гвалтам уклалі іх ў барсэтку, і ён тады вырашыў, што прыедзе ў гімназію, створыць камісію і гэтыя грошы апрыходуе”.

Сьведка, які працуе ў сыстэме адукацыі, паведаміў: бацькі гімназістаў інфармавалі чыноўнікаў пра хабарніцтва дырэктара. Між тым на працэсе фігураваў толькі адзін эпізод. Цікавая і такая акалічнасьць: рамонт будынку, падчас якога арыштавалі Алега Бадалава, дагэтуль не завершаны. Аднак пракуратура лічыць, што хабарніцтва экс-дырэктара цалкам даказанае, і просіць пакараць яго дзевяцьцю гадамі зьняволеньня. Гэта на год менш максымальнага пакараньня за такое злачынства.

А як скандальная гісторыя адбіваецца на маральным стане вучняў? Разважае дырэктар зачыненага ўладамі беларускага ліцэю Уладзімір Колас.

(Колас: ) “Што тут казаць пра адбітак? Увогуле праблема з выхаваньнем школьнікаў, выхаваньнем новага пакаленьня мне падаецца надзвычайна вялікай. Новае пакаленьне сапраўды выхоўваецца на падвойных стандартах, на цынізьме. Тое, што творыцца ў школе цяпер, наўрад ці выклікае ў кагосьці павагу: гэта тое, што творыцца з нашай гісторыяй, з нашай мовай, з нашай літаратурай, калі нават пісьменьнікам не дазваляюць сустракацца ў школах з вучнямі. А такія факты, як хабарніцтва ў школах, яшчэ больш дадаюць цынізму, непавагі да каштоўнасьцяў, якія мусіць быць сьвятымі”.

Нагадаю, Алег Бадалаў сябе вінаватым не прызнаў.
XS
SM
MD
LG