Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы больш давяраюць далярам, чым эўра


Радыё Свабода Уклады беларусаў у замежнай валюце з пачатку году ўзрасьлі на 22,6% і перавысілі мільярд даляраў. Дэпазыты ў нацыянальнай валюце павялічыліся на 40% і складаюць 5,1 трыльён беларускіх рублёў. Ці сапраўды беларусы перасталі захоўваць свае зьберажэньні ў панчохах і слоіках і панесьлі ў банк?

Як паведамляе прэсавая служба Нацыянальнага банку, росту ўкладаў спрыяе працэнтная палітыка, якую праводзіць банк. Гаворыць прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч.

(Журавовіч: ) “Раней перавага аддавалася замежнай валюце, таму што было мноства курсаў. А цяпер усе ўклады ў нацыянальнай валюце вышэй за узровень інфляцыі, і, па-другое, даюць большую даходнасьць, чым у замежнай валюце. І калі раней дзесьці толькі працэнтаў 20 – 30 складалі ўклады ў нацыянальнай валюце, то цяпер наадварот, толькі 30% укладаў – у замежнай валюце, і каля 70% – у нацыянальнай”.

Такім чынам, прырост усіх дэпазытаў фізычных асобаў у пераліку на нацыянальную валюту, заплянаваны ў “Асноўных накірунках грашова-крэдытнай палітыкі на 2006 год”, выкананы за дзесяць месяцаў. Ці сапраўды народ стаў давяраць банкам? Вось што кажуць людзі.

(Cпадарыня: ) “У прынцыпе, я карыстаюся паслугамі банкаўскай сыстэмы, калі там абвяшчаюць нейкія, да прыкладу, калядныя акцыі. Але я не карыстаюся доўгатэрміновымі ўкладамі, толькі кароткатэрміновымі, ад паўгоду да году”.

(Спадар: ) “Я не трымаю грошы ў банках, бо памятаю сваіх бацькоў, якія ўсё жыцьцё сумленна працавалі, а потым іх грошы сталі нішто, нуль. Таму перавожу свае грошы ў даляры і трымаю дзе папала, толькі ня ў банку”.

(Спадарыня: ) “Банкам не давяраю. Па-першае, вельмі нізкі працэнт, няма сэнсу туды класьці; па-другое, памятаю горкі досьвед сваіх бацькоў, якія згубілі вельмі шмат грошай”.

Што да замежнай валюты, якую захоўваюць беларусы ў банках, прэсавы сакратар Нацбанку Міхаіл Журавовіч паведаміў:

(Журавовіч: ) “Найбольш хадавая валюта – гэта даляр ЗША, 80% працэнтаў. І толькі 8 – 9% складаюць эўра, 9% – расейскі рубель, і 1 – 2% – іншая валюта”.

Такім чынам, у сярэднім кожны жыхар краіны трымае ў беларускіх банках 766 тысяч рублёў – па 358 даляраў на чалавека. Ці азначае гэта, што народ стаў давяраць банкам? Меркаваньне эканаміста Міхала Залескага.

(Залескі: ) "Калі мы да гэтых 358 даляраў далучым тое, што сабранае ў панчохах, далучым тое, што сабранае ў каштоўных мэталях і гэтак далей, мы ўбачым, што рублёвая маса ня так яшчэ пануе ў сыстэме назапашваньня грамадзянаў, як гэтага б хацелася ўраду. А гэта сьведчаньне даверу да сыстэмы, калі народ пераходзіць на ўласную валюту – рубель... Вось тут у беларусаў такой прыхільнасьці пакуль няма".
XS
SM
MD
LG